Пушыстая і небяспечная: пад Міёрамі заўважылі рысь – відэа

Абноўлена:
рысь

Фото: vladimircech, Magnific.com

У Беларусі прадстаўніца каціных мае ахоўны статус, але ў апошнія гады на здабычу рысі выдзяляюць нязначную квоту.

Ва ўгоддзях Міёрскай паляўнічай гаспадаркі заўважана рысь, паведамілі ў прэс-службе Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР).

Дзікую кошку знялі ў лесе, і, мяркуючы па відэа, адчувала яна сябе ў поўнай бяспецы. Пасля такога «пазіравання» на камеру рысь прылегла ў траве і занялася навядзеннем парадку ў сваім густым меху. Як і ўсе сапраўдныя кошкі, рабіла яна гэта паважна і грацыёзна.

Цяпер у Беларусі налічваецца каля 2 тыс. рысяў, хоць яшчэ ў 1993 годзе іх колькасць складала ўсяго 400–450 асобін. Небяспека знікнення прыгожай дзікай кошкі з прыроды прымусіла ўключыць яе ў Чырвоную кнігу Беларусі.

У апошнія гады ў рысі і мядзведзя бінарны прыродаахоўны статус – гэта значыць, што яны адначасова знаходзяцца пад аховай і з'яўляюцца паляўнічымі відамі.

Рысь жыве на ўсёй тэрыторыі нашай краіны. Дзікая кошка харчуецца выключна свежым мясам: за раз яна можа «ўмяць» 400–900 г, а ў шэрагу выпадкаў і 1,2 кг.

«Аснову рацыёну складаюць казулі, зайцы, рабчыкі, вавёркі, цецерукі і глушцы. Таксама зафіксаваны выпадкі палявання на аленяў і ласёў-сяголеткаў», – расказалі ў БТПР.