Сенсацыйная знаходка на Менцы: археолагі знайшлі драўляны посуд ХІ стагоддзя

Абноўлена:
Фото: Институт истории НАН Беларуси, Telegram

Фото: Институт истории НАН Беларуси, Telegram

Сярэдневяковы драўляны посуд упершыню знойдзены на месцы, дзе размяшчаўся летапісны Менск.

На Малым гарадзішчы на рацэ Менцы падчас раскопак былі знойдзены фрагменты драўлянага посуду ХІ стагоддзя, паведаміў карэспандэнту Times.by загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Андрэй Вайцяховіч.

Паводле яго слоў, за ўвесь час археалагічных даследаванняў на тэрыторыі гарадзішча, дзе размяшчаўся летапісны Менск, упершыню ўдалося знайсці драўляны посуд.

«Драўляныя вырабы на Менцы не захоўваюцца. Тут у нас унікальная сенсацыйная знаходка – фрагменты драўлянай абгарэлай талеркі ХІ стагоддзя», – расказаў прадстаўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Археолаг растлумачыў, што толькі дзякуючы таму, што посуд быў у агні, ён захаваўся. Апалены посуд таксама сам па сабе рэдкасць, таму што, як правіла, ён цалкам згарае пры пажары.

Фото: Институт истории НАН Беларуси, Telegram

Фото: Институт истории НАН Беларуси, Telegram

Андрэй Вайцяховіч выказаў меркаванне, што гэта знаходка звязана з паходам кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха, калі ў 1084 годзе ён захапіў і разбурыў Менск.

«Сляды гэтага пажару мы назіраем па ўсім гарадзішчы. Ён перакрыты больш познімі слаямі, якія адносяцца да ХІІ–ХІІІ стагоддзяў», – сказаў ён.

Разам з фрагментамі абгарэлай драўлянай талеркі былі знойдзены і сляды іншага посуду, які, мяркуючы па ўсім, быў зроблены з бяросты.

«Мы адразу пасля знаходжання змясцілі ўсе фрагменты ў спецыяльную плёнку ў вільготным выглядзе. Яны былі ўпакаваныя на працягу некалькіх хвілін для далейшай работы рэстаўратараў. Гэта вельмі важна, таму што сухія фрагменты дрэва вельмі хутка разбураюцца», – растлумачыў археолаг.

Раней Times.by ўжо расказваў аб археалагічных даследаваннях гарадзішча, дзе размяшчаўся летапісны Менск.

Вучоныя ў ходзе шматгадовых даследаванняў даказалі, што гэтая раннесярэдневяковая крэпасць і была месцам, дзе зарадзіўся Менск перш, чым быў перанесены на берагі Свіслачы.