«Шагал-карнавал!» і «Рэпін-фэст»: якія сюрпрызы чакаюць гасцей юбілейнага «Славянскага базару»

Фото: Егор Алеев, ТАСС
Міжнародны фестываль мастацтваў пройдзе ў 35-ы раз у Віцебску з 16 па 19 ліпеня.
У юбілейны год арганізатары міжнароднага фестывалю «Славянскі базар» рыхтуюць для гасцей шмат навінак, у тым ліку рэкордную колькасць выставак – іх будзе 18.
Аматары візуальнага мастацтва змогуць убачыць творы Зураба Цэрэтэлі, Нікаса Сафронава, мастакоў з Эстоніі, Латвіі, Швецыі, Фінляндыі. Расійскія карункі з Рэспублікі Комі і серабро з Амана таксама прадставяць у рамках фестывалю. А яшчэ будуць паказаныя фатаграфіі канца XIX – пачатку XX стагоддзяў са збору музейна-выставачнага цэнтра РАСФОТА.
Нацыянальны мастацкі музей прывязе ў фестывальную сталіцу 13 прац мастака Ільі Рэпіна. Таксама ў горадзе пройдзе «Рэпін-фэст»: маладыя мастакі-жывапісцы рэалістычнага напрамку з Беларусі і Расіі прыедуць на пленэр у музеі-сядзібе «Здраўнёва».
Сюрпрызы рыхтуе і фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», які праходзіць у рамках «Славянкі», – адбудзецца вялікае і яркае мерапрыемства «Шагал-карнавал!». Штогод удзельнікі фестывалю вулічнага мастацтва арганізуюць прыгожае музычнае шэсце, аднак у гэтым годзе відовішча будзе ў тры разы больш маштабным.
Цяпер рыхтуюцца рэквізіт і касцюмы да вулічнай дэманстрацыі. Яны будуць адлюстроўваць вядомую карціну Марка Шагала «Над горадам». Ствараюць уборы ў новай майстэрні «Зялёная каза».
Раней Times.by расказваў, што міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе ў культурнай сталіцы Беларусі з 16 па 19 ліпеня. Традыцыйна асобныя мерапрыемствы фестывалю адбудуцца таксама 14, 15 і 20 ліпеня.

