Сябра Мандэльштама і Ахматавай загінуў пад Чавусамi: кiм быў паэт Сяргей Рудакоў

Мікола Прымака
Абноўлена:
Сяргей Рудакоў

Сяргей Рудакоў. Калаж: Times.by

У розных анталогіях паэтаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, ёсць вершы Сяргея Барысавіча Рудакова, якога варожая куля ці асколак снарада спаткалі пры вызваленні Магілёўшчыны. Але яго лёс – і ваенны, і літаратурны – настолькі неардынарны, што пра Рудакова можна ствараць велізарны том у славутай серыі «Жыццё знакамітых людзей».

Дадаць у асноўныя
крыніцы Google

Пахаваны паэт і чырвонаармеец Сяргей Рудакоў у вёсцы Вусце Чавускага раёна. Сёння гэта ўжо аграгарадок, які ўваходзіць у склад Вайнілаўскага сельсавета. А раней, да 1964 года, паселішча знаходзілася ў Гарбавіцкім сельсавеце.

Будучы паэт і літаратуразнавец нарадзіўся 21 кастрычніка 1909 года ў Вінніцы, ва Украіне. Бацька – Барыс Аляксандравіч Рудакоў, генерал-маёр, камандзір 47-га легендарнага пяхотнага Украінскага палка, удзельнік Першай Сусветнай вайны. Пасля рэвалюцыі жыў у Самары, уступіў добраахвотнікам у белую Народную армію. Быў арыштаваны ў Новамікалаеўску па абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і расстраляны разам с сынамі – старэйшымі братамі Сяргея.

З пачатку 1920-х гадоў Сяргей разам з маці жыў у Ленінградзе. Там ён паступіў на літаратурнае аддзяленне Вышэйшых дзяржаўных курсаў мастацтвазнаўства пры Інстытуце гісторыі мастацтваў. Сярод яго выкладчыкаў былi Юрый Тынянаў, Віктар Шклоўскі, Барыс Эйхенбаум, Барыс Тамашэўскі. Усе літаратуразнаўцы высокага гарту! Заўважыўшы настойлівага, цікаўнага студэнта, Тынянаў прапанаваў Рудакову паўдзельнічаць у падрыхтоўцы да выдання зборніка вершаў рускага паэта XIX стагоддзя Вільгельма Кюхельбекера.

У 1930 годзе курсы закрылі. Сяргей, на той час жанаты чалавек, уладкаваўся чарцёжнікам. Некаторы час ён жыў у Крыме ў доме маці сваёй жонкі. Але не вытрымаў без Ленінграда, без навуковага, літаратурнага асяроддзя і ў хуткім часе пакінуў і Керч, і сваю сям'ю. У Ленінградзе другі раз ажаніўся – з Лінай Самойлаўнай Фінкельштэйн.

На хвалі рэпрэсій, штуршком для якіх стала забойства Сяргея Міронавіча Кірава, Рудакоў быў высланы ў Варонеж, дзе малады паэт і літаратуразнавец пазнаёміўся з геніяльным рускім паэтам XX стагоддзя Восіпам Мандэльштамам.

Восіп i Надзея Мандэльштам. Public Domain

Восіп i Надзея Мандэльштам. Public Domain

Там аб'ядналіся разам, у адно кола аднадумцаў, усе, хто быў захоплены рускай паэзіяй. Пра гэта захавалася і сведчанне Надзеi Мандэльштам, якая пісала, што ўсіх, хто ўваходзіў у кола паэта, аб'ядноўвала «любоў да вершаў. Відавочна, гэта патрабуе той ступені інтэлігентнасці, якая ў нас скіроўвае людзей на гібель ці ў лепшым выпадку на высылку».

Адна з варонежскіх знаёмых пакінула такі партрэт Рудакова:

Высокі, з вялізнымі цёмнымі вачыма, крыху буйнымі рысамі твару: рэзка акрэслены рот, чорныя бровы з надломам, доўгія вейкі і нейкія асаблівыя цені пад вачыма – ён быў вельмі прыгожы. Нездарма Ахматава казала пра «рудакоўскія вочы». Чалавек быў эмацыянальны, гарачы. Адразу з першага нашага знаёмства… гаварылі пра любімых паэтаў… Ад Сяргея Барысавіча я ўпершыню пачула варонежскія вершы Мандэльштама. Ён чытаў мне іх вельмі часта. Пра Восіпа Эмільевіча Рудакоў гаварыў з захапленнем.

Мандэльштам разгледзеў у Рудакове таленавітага літаратуразнаўца. Разам яны пачалі ствараць аўтакаментарыі і біяграфічныя спасылкі да ўсяго комплексу твораў Мандэльштама.

Восіп Эмільевіч пазнаёміў Сяргея і з Ганнай Ахматавай, якая часам наведвалася ў Варонеж. Вядома, што Рудакоў запісаў са слоў Мандэльштама каля 20 блакнотаў.

Вядомыя з таго варонежскага перыяду і зробленыя Рудаковым пяром і тушшу партрэты паэтаў – Мандэльштама, Ахматавай.

Мандэльштам прысвяціў Сяргею адзін са сваіх вершаў:

Раскрутился змеистый снежок. Путь заказан Владимиру чинный. С двери отнят засов. Послух свечи возжег Чистой Матери Десятинной. Ночь стоит. По морозу полозья скрипят. Кони глазом косят озверело: О дощатые стены домовья не в лад Ударяется мерзлое тело.

Партрэты Мандэльштама і Ахматавай Сяргея Рудакова. Калаж: Times.by

Партрэты Мандэльштама і Ахматавай Сяргея Рудакова. Калаж: Times.by

І ў Ахматавай ёсць верш, адрасаваны Сяргею Рудакову:

И в День Победы, нежный и туманный, Когда заря, как зарево, красна, Вдовою у могилы безымянной Хлопочет запоздалая весна. Она с колен подняться не спешит, Дохнет на почку, и траву погладит, И бабочку с плеча на землю ссадит, И первый одуванчик распушит.

Вярнуўшыся ў Ленінград, Рудакоў выкладаў літаратуру ў школе для дарослых. Удзельнічаў у працы Пушкінскай камісіі Акадэміі навук СССР. Даклад літаратуразнаўца «Новыя рэдакцыі вершаў Каценіна» ў 1940 годзе быў прыняты для выдання, але, на жаль, зборнік не выйшаў – пачалася Вялікая Айчынная. У 1941 годзе Рудакоў закончыў завочнае аддзяленне мовы і літаратуры Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І. Герцэна.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Барысавіч быў у марской пяхоце. Ваяваў на Ленінградскім фронце. У баі пад Неўскай Дуброўкай быў цяжка паранены. З лета 1942 года служыў у Маскве ў ваенкамаце. Стараўся па меры магчымасцяў займацца і літаратурнай працай. Кантактаваў з тымі навукоўцамі, гісторыкамі літаратуры, якія не выехалі ў эвакуацыю, выступаў з гісторыка-літаратурнымі паведамленнямі, дакладамі на сходах вучоных.

За спробу аформіць свайму знаёмаму-«талстоўцу» адтэрміноўку ад прызыву быў арыштаваны. Тры месяцы знаходзіўся ў Бутырскім астрозе. Па ўласнай просьбе Сяргея Рудакова накіравалі ў штрафны батальён.

З верша Сяргея Барысавіча «Мне ізноў рыхтавацца ў дарогу», напісанага недзе ў лістападзе 1943 года:

…На снегу не красною, а черной Кажется пролившаяся кровь… …Сколько по сугробам ни броди, Стежка оборвется где-нибудь. Доброй памятью меня прости, Сердцем ласковым – не позабудь.

У 1944 годзе, 15 студзеня, паэт і літаратуразнавец з няпростым лёсам быў забіты ў баі на магілёўскай зямлі…

Пасля Вялікай Айчыннай вайны, здаецца, двойчы ў калектыўных зборніках друкаваліся вершы Сяргея Рудакова. Асобнай яго кнігі так ніхто і не склаў.

На Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны загінулі грузінскі паэт Мірза Гелавані, узбекскі пісьменнік Султан Джура, удмурцкі літаратар Піліп Кедраў. Сяргей Рудакоў – у іх шарэнзе, якая не вярнулася дадому. У шарэнзе мастакоў слова, якія, відавочна, яшчэ шмат змаглі б паспець зрабіць у сваім творчым жыцці.