У Беларусі выйдзе кніга кітайскага паэта пра Хатынь – на трох мовах

Мікола Прымака
Абноўлена:
Хатынь

Хатынь. Фото: Dave Proffer, CC BY 2.0

Аб драматычных падзеях ў беларускай вёсцы Хатынь напісаны аповесці, паэмы, вершы пісьменнікамі з розных куткоў свету.

Кніга кітайскага паэта і публіцыста Лі Шыфэя выйдзе ў выдавецтве «Беларусь» на на кітайскай, беларускай і рускай мовах.

Лі Шыфэй напiсаў паэму «Хатынь» пасля паездкі ў Беларусь у 1988 годзе. Праз год, у 1989-м, твор быў надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» у беларускiм перакладзе Анатоля Вярцінскага.

Было ў той вёсачцы 26 двароў. А потым былі агонь і кроў. Ворагі былі горш за звяроў. Знікла вёсачка. Ні людзей, ні двароў. Знішчана вёсачка. Але засталіся няскоранымі душы. Паглядзі на гэтага старога, Што трымае на руках мёртвага хлопчыка. Позірк старога поўны гора і суровай непакоры. Кулачкі хлопчыка сціснуты моцна-моцна. Стары з дзіцём сталі манументам. Стары з дзіцём сталі абвінавачваннем. Абвінавачваннем маўклівым, але грозным. Яно адрасавана сэрцам людзей. Яно адрасавана высокаму сумленню…

Зараз паэма перакладзена на рускую мову. Перакладчык – беларускі літаратар Генадзь Аўласенка, які піша свае творы на беларускай і рускай мовах.

«З падказкі беларускіх выдаўцоў я даведаўся пра існаванне паэмы, якая ў чарговы раз і вярнула мяне да хатынскай тэмы, і нагадала пра спаленыя вёскі на маёй роднай Віцебшчыне, ва Ушацкім раёне. Чатыры з іх – Асавіна, Мурагі, Тухаціна, Ралля – пасля вайны не адноўлены. А ўсяго ў нашай старонцы было спалена 50 вёсак – расказаў Генадзь Аўласенка. – Гісторыі, якія звязаны з памяццю пра тыя падзеі, выклікаюць сардэчную трывогу і за сённяшні час. І, відавочна, з мэтай перадаць свой уласны боль, сваю ўласную грамадзянскую, мастакоўскую трывогу пісаў свае паэтычныя радкі кітайскі паэт Лі Шыфэй».

Те эсэсовцы, Которые уничтожали Хатынь, И гестаповцы, Которые вешали жителей Минска, И японские палачи, Которые соревновались в убийстве китайцев…

Над ілюстрацыямі да кнігі Лі Шыфэя «Хатынь» працуе беларускі мастак азербайджанскага паходжання Каміль Камал.

«З кніжнай графікай мяне паяднала кітайская тэма. Дакладней – кітайская паэзія ў перакладах на беларускую мову», – расказаў ён аб сваёй працы.

Камал працаваў над ілюстрацыямі серыі «Светлыя знакі: Паэты Кітая», над афармленнем кнігі «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Сто паэтаў Кітая XX стагоддзя» і кнігай вялікага кітайскага паэта, мастака сусветнай вядомасці Ай Ціна «Гімн святлу».

«Гэты вопыт дапамог прадоўжыць маё знаёмства з кітайскай культурай, кітайскім мастацтвам, – кажа ілюстратар. – Афармленне паэмы Лі Шыфэя «Хатынь» – зусім іншая практыка. Мне падаецца, што сама Хатынь становіцца часткай нашага беларуска-кітайскага дыялога, настолькі блізкімі і зразумелымі з’яўляюцца радкі кітайскага паэта…»

Хатынь

© sb.by

Аб Хатыні напісаны аповесці, паэмы, вершы пісьменнікамі з Расіі, Азіі, Еўропы, Амерыкі... Сярод аўтараў – таджык Саідалі Мамур, калмык Міхаіл Хонінаў, туркмен Каюм Тангрыкуліеў, рускія паэты Адрэй Дзяменцьеў, Уладзімір Тыцкіх, Глеб Гарбоўскі, Кацярына Шавялёва. Паэма «Хатынская паляна» рускай паэткі Наталлі Канчалоўскай пакладзена на музыку кампазітарам Эмілем Олахам.

Кітайская паэзія ў апошняе дзесяцігоддзе ўсё часцей гучыць на беларускай мове – і на старонках літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў, і ў калектыўных зборніках. Выйшлі і асобныя кнігі кітайскіх паэтаў з перакладамі іх твораў на беларускую мову: Ван Вэя, Лі Бо, Лі Хэ, Вэнь Ідо, Су Шы, Лю Юйсі, Сюй Чжымо, Мэн Хаажаня, а Ду Фу і Ай Ціна – нават двойчы.