Ван Гог са Смаргоні: два жыцця Ісаака Іткінда

ЛагатыпМікола Прымака
Скульптор Исаак Иткинд

Скульптор Исаак Иткинд в 1965 году. Фото: РИА Новости

Непадалёку ад Смаргоні, прыкметнага гарадка на Гродзеншчыне, 155 год таму нарадзіўся чалавек, якога параўноўваюць з Ван Гогам, Мадзільяні і шмат яшчэ з кім з легендарных мастакоў і скульптараў.

Але ж любыя параўнанні – усяго толькі ўмоўнасць. Асабліва ў мастацтве. Працы экспрэсіяніста Мадзільяні, якога, мякка кажучы, не дужа шанавалі пры жыцці, на «Сотбісе» ўжо ў XXI стагоддзі прадаюцца за дзясяткі мільёнаў долараў. А часам кошт даходзіць да 150–170 мільёнаў долараў.

Іткінда ў 1930-я гады называлі ў адной тройцы з вялікімі рускімі майстрамі драўлянай скульптуры – Сяргеем Канёнкавым («рускі Радэн» жыў у той час у ЗША) і Сяргеем Эрзя (ён у 1927–1950-я жыў у Аргенціне, а сёння ў Маскве працуе культурны цэнтр «Эрзя-цэнтр»). І нашага земляка таксама клікалі ў Амерыку.

Брат амерыканскага прэзідэнта Рузвельта, уражаны тым, як дрэва здольна адлюстроўваць характары, сутнасць мастацкіх вобразаў, набыў некалькі прац Іткінда і неаднойчы зваў творцу пакінуць Савецкую Расію. Ісаак Якаўлевіч, якому на той час было за шэсцьдзясят, адказаў амерыканскаму госцю (праўда, ёсць згадкі пра тое, што такую прапанову рабіў прэм’ер-міністр Францыі Леон Блюм): «Я сказаў яму, што іншыя мастакі могуць ад’язджаць. Таму што яны і пры цары былі ў Расіі людзьмі. А я пры цары быў чалавекам толькі да шасці вечара, а пасля шасці вечара мяне мог арыштаваць любы паліцэйскі. А зараз, калі рэвалюцыя зрабіла мяне чалавекам і пасля шасці вечара, хіба я магу з’ехаць?»

Times.by

Times.by

У 1937 годзе да 100-годдзя з дня смерці Аляксандра Пушкіна, якое так грандыёзна адзначалі па рашэнні Усесаюзнай Камуністычнай партыі (бальшавікоў), Іткінд стварыў адну са сваіх самых знакамітых скульптур «Паміраючы Пушкін». Слава ўзнесла мастака да новых вышынь. Але і прывяла да трагедыі. Яго арыштавалі, абвінаваціўшы ў продажы ці перадачы сакрэтаў пра Балтыйскі флот японскай разведцы. Чаму пра Балтыйскі флот? І чаму японскай, а не германскай? Аб гэтым можна толькі здагадвацца.

І загрымеў стары яўрэй ажно ў Казахстан. Пачалася новая старонка ў біяграфіі пакутніка, чалавека, адоранага вялікім талентам. Чалавека, якога жыццё з маладосці выпрабоўвала на трываласць і вернасць мастацтву.

Public Domain

Public Domain

Нарадзіўся Ісаак Іткінд 9 красавіка 1871 года ў мястэчку паблізу Смаргоні. Скончыў вышэйшую яўрэйскую духоўную школу. Як і бацька, стаў рабінам. Акрамя штодзённага чытання рэлігійных талмудаў, працаваў пераплётчыкам у мясцовай друкарні. Нават вынайшаў арыгінальны прэс, які істотна скарачаў, удасканальваў працу. Гаспадар друкарні ўзнагародзіў маладога чалавека неверагоднымі па тым часе грашыма – выдаў прэмію ў памеры 600 рублёў. Як тут не згадаць мемуары Мікіты Хрушчова, які прызнаваўся, што ў час манархіі слесарам на заводзе будучы лідар савецкай краіны зарабляў 40–45 рублёў у месяц і жыў даволі няблага.

У 1897 годзе Іткінд прачытаў пра знакамітага скульптара Марка Антакольскага, які нарадзіўся непадалёку, у Вільні. Тады пра творцу шмат пісалі. Веданне пра таленавітага, паспяховага скульптара, які займеў прызнанне ў грамадстве, надало нашаму смаргонскаму земляку ўпэўненасці. І малады чалавек вырашае заняцца скульптурай.

Так здарылася, што дом Іткіндаў наведаў яўрэйскі пісьменнік Перац Гіршбейн. Родам таксама з Гродзенскай губерні, з мястэчка Клешчалі (зараз – тэрыторыя Польшчы, Падляшскае ваяводства). Літаратар зацікавіўся таленавітым правінцыялам, напісаў артыкул пра яго нечаканыя для асяроддзя ў яўрэйскім мястэчку заняткі, пра ўнікальнае дараванне. Газету «Северо-Западное слово», дзе выйшаў матэрыял пра Іткінда, не маглі не заўважыць. Друкаванае слова аказалася настолькі пераканаўчым, што жыхары мястэчка сабралі грошы на тое, каб Ісаак атрымаў прафесійную мастацкую адукацыю.

Times.by

Times.by

З 1910 года Іткінд пачаў вучобу ў малявальнай школе ў Вільні. На працягу многіх гадоў школай кіраваў рускі мастак Іван Трутнеў. Вучням выкладалі тэорыю перспектывы, гісторыю мастацтваў, чарчэнне, маляванне гіпсавых мадэляў з натуры, жывапіс, акварэль і ляпніну. За час існавання школу закончылі больш за чатыры тысячы вучняў. Сярод выпускнікоў – вядомыя і ў Беларусі творцы Леў Альпяровіч, Язэп Драздовіч, Эдвард Паўловіч, Хаім Суцін (відавочна, вучыўся ў адзін час з Іткіндам), Жак Ліпшыц, Юзаф Балзукевіч, Луцыя Балзукевіч, Пінхус Крэмень… Сапраўдныя зоркі выяўленчага мастацтва!

У 1912–1913 гады Ісаак Іткінд вучыцца ўжо ў Школе ляпніны і дойлідства ў Маскве ў прыватнай студыі скульптара Сяргея Валнухіна. Акадэміка Імператарскай Акадэміі мастацтваў вылучалі як шчырае стаўленне да сваіх вучняў, так і высокая патрабавальнасць.

Скульптор Сергей Михайлович Волнухин в своей мастерской. Фото: Аукционный дом «Кабинетъ»

Скульптор Сергей Михайлович Волнухин в своей мастерской. Фото: Аукционный дом «Кабинетъ»

Несумненна, школа Валнухіна дала Іткінду надзвычай шмат і ў плане адукацыі, спасціжэння сусветнага мастацтва, і ў плане знаёмства з атмасферай, якая панавала ў рускім мастацтве, рускім дойлідстве на той час. Нельга забывацца на тое, што прафесійную адукацыю наш зямляк атрымліваў у даволі познім узросце, маючы за плячыма амаль сорак гадоў жыцця.

Любімым матэрыялам скульптара Ісаака Іткінда становіцца дрэва. Да 1917 года, які перавярнуў і сацыяльны ўклад, і мастацкую свядомасць, творцу з беларускай глыбінкі заўважылі па такіх працах, як «Горкі смех», «Вар’ят», «Мараліст». Творчасць смаргонца прыцягнула ўвагу і пралетарскага пісьменніка Максіма Горкага. У 1918 годзе ён паспрыяў правядзенню ў Петраградзе персанальнай выстаўкі Іткінда. Да ўвагі гледачоў былі прадстаўлены 42 скульптуры. З таго часу захавалася толькі тры творы: «Мой бацька», «Гарбун», «Мелодыя». Увогуле ў розных крыніцах згадваецца, што Іткінд – аўтар некалькіх сотняў, нават тысячы скульптур. Захавалася да нашых часін толькі 50 з іх.

Times.by

Times.by

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Іткінд некаторы час працуе разам з Маркам Шагалам выкладчыкам у падмаскоўнай яўрэйскай працоўнай школе-калоніі для беспрытульных дзяцей «III Інтэрнацыянал» у Малахаўцы. Зараз гэта пасёлак гарадскога тыпу ў Маскоўскай вобласці Расіі. Уваходзіць у гарадскую акругу Любярцы. Дачка Марка Шагала – Іда – таксама была сярод выхаванцаў.

А вось як згадвае Малахаўку і школу-калонію ў сваіх успамінах Марк Шагал: «Гэтым сіротам давялося паспрабаваць ліха. У дрыжыках ад холаду і голаду яны блукалі з горада ў горад на прыступках цягнікоў, пакуль аднаго з тысячы не падбіралі і не адпраўлялі ў дзетдом. І вось яны перада мною. Жылі дзеці па асобных вясковых хатах і збіраліся разам толькі на ўрокі. Па прыкладу дарослых яны праводзілі сходы, вялі дыспуты, абмяркоўвалі адзін аднаго і нават настаўнікаў, спявалі хорам «Інтэрнацыянал», размахваючы рукамі і ўсміхаючыся. І вось іх я і вучыў маляванню. Босыя, занадта лёгка апранутыя, яны гарлапанілі, перабіваючы адзін аднаго, кожны стараўся перакрычаць другога, толькі і чутна было з усіх бакоў: «Таварыш Шагал, таварыш Шагал».

Гэта менавіта Марк Шагал у Малахаўцы сказаў Іткінду пра дасягнутыя ім вышыні.

Твая скульптура, Ісаак, узыйшла на гімалайскую вышыню – вышыню руху духу. Яна вітае, яна зачароўвае. У цябе атрымліваецца злучыць у адзінае пластычнае і паэтычнае. Фактура дрэва ў цябе гучыць як музыка. Я ўсім кажу: Іткінд – гэта Ван Гог у скульптуры!

Марк Шагал

У 1924 годзе Ісаак Іткінд па рэкамендацыі дактароў пераязджае ў Ялту, а пасля ў Сімферопаль. Выкладае ў Сімферопальскім тэхнікуме выяўленчых мастацтваў. Сярод вучняў нашага земляка – будучы скульптар Арыядна Арэндт (1906–1997), між іншым, жонка таксама ўраджэнца Беларусі – савецкага скульптара Меера Айзенштадта (1895–1961, нарадзіўся ў Клецку, на Міншчыне).

У 1927 годзе Іткінд вяртаецца ў Ленінград. У новы перыяд жыцця і творчасці ім створаны такія працы: «Ленін», скульптурныя партрэты Фердынанда Ласаля, Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса, тры партрэты Аляксандра Пушкіна. У гэты перыяд Ісаак Якаўлевіч праяўляе сябе як унікальны апавядальнік. У захапленне ад яго аповядаў прыходзяць Уладзімір Маякоўскі, Усевалад Мейерхольд, Сяргей Ясенін. Яны і ўгаворваюць Іткінда пісаць.

У выніку Ісаак Якаўлевіч стварыў нямала і празаічных твораў. З-за яго неўладкаванага жыцця, пераездаў і выпрабаванняў, што выпалі на яго долю, апавяданні не захаваліся. Праўда, у 1934 годзе Аляксей Талстой набыў у Ісаака Іткінда некалькі твораў і надрукаваў іх у літаратурным часопісе «Звезда».

Times.by

Times.by

А ў 1937 годзе – арышт і высылка. Усе палічылі, што жыццё мастака завершылася, што ён памёр у адным з лагераў. І дата канкрэтная пры гэтым называлася – 1938 год… Так лічылі да 1944 года. 1938 годам пазначылі год смерці ў подпісах да яго скульптур і ў біяграфічнай, мастацтвазнаўчай літаратуры.

А Ісаак Іткінд з 1938 года жыў у сяле Зэрэнда (адміністрацыйны цэнтр Зэрэндзінскага раёна Акмолінскай вобласці Казахстана, за 45 км ад абласнога цэнтра – Какшатаў). Скульптар па меры магчымасцяў і сіл (а было яму ўжо даўно за семдзясят!) працаваў як мастак, як творца. Выканаў скульптурныя партрэты «Акын Джамбул», «Амангельды» (Амангельды Аманаў – казахскі рэвалюцыянер), «Абай» і іншыя.

Ніхто ў яго асяроддзі не ведаў, што «казахскую» тэму распрацоўвае не проста палітычны вязень, дзікі стары-калдун, які жыве ў зямлянцы, харчуецца карэннямі, а сусветна вядомы скульптар.

Скульптор Исаак Иткинд

Скульптор Исаак Иткинд в 1966 году. Фото: Иосиф Будневич, РИА Новости

У 1944 годзе Ісаака Іткінда выпадкова «знайшоў» алмацінскі мастак Мікалай Мухін. Дапамагчы, праўда, чымсьці канкрэтным па вяртанні скульптара да заняткаў мастацтвам тады не ўдалося. Іткінд лічыўся «ворагам народа». Але Мухін дапамагаў грашыма, расказваў тым, каму мог даверыцца, пра тое, што Іткінд, пра якога добра ведалі ў 1920–1930-я гады, вось тут, побач…

Толькі праз 12 гадоў, у 1956-м, сталага веку скульптар пераязджае ў Алмату. Уладкоўваецца на працу ў Алмацінскі дзяржаўны тэатр. Днём малюе дэкарацыі. А начамі выразае з дрэва скульптуры ў падвале тэатра.

Праз два гады, у 1958-м, малады мастак тэатра вырашыў зазірнуць у падвал, дзе і знайшоў партрэты і кампазіцыі, якія пасля сталі знакамітымі: «Поль Робсан», «Дрэва-мысляр», «Стары, які смяецца», «Паганіні», «Моцарт»… Ісаака Іткінда «знайшлі» ізноў… Пра майстра пачалі пісаць у друку, яго запрашалі да ўдзелу ў выстаўках.

Times.by

Times.by

У «Казахстанской правде» 19 снежня 1958 года пісьменнік Андрэй Алдан-Сямёнаў, таксама былы вязень сталінскіх лагераў, напісаў пра Іткінда такія прачулыя словы: «…жылі і заўсёды будуць жыць на зямлі людзі, якія ствараюць вакол сябе атмасферу добразычлівасці, актыўнай дзейнасці і сардэчнай увагі».

Дарэчы, у запісных кніжках Алдана-Сямёнава захаваліся дакладна запісаныя выказванні Іткінда. Прывядзём некаторыя з іх:

«Мая сівізна не дазваляе мне здраджваць праўдзе»; «Я хачу, каб кожны чалавек сам здагадваўся без усялякіх падказак, што гэта «Паэт», гэта «Музыкант», гэта «Мысляр», гэта «Прарок». Майстэрства, глыбіні не хапае нашаму брату»; «Слава – часовы поспех на біржы жыцця».

Засталося пра нашага земляка і сведчанне рускага пісьменніка Юрыя Дамброўскага ў кнізе «Паходня».

Я баюся… Я вельмі баюся, што хутка пачнуць з’яўляцца ўспаміны пра Іткінда, пра гутаркі з ім, пра яго развагі пра мастацтва, пра майстэрства мастака, пра яго ролю ў грамадскім жыцці. Ісаак Якаўлевіч гаварыць любіў, любіў наладжваць знаёмствы, любіў размаўляць з малазнаёмымі людзьмі, гуляць з імі, абедаць з імі, расказваць пра сябе, але вось пра мастацтва ён ніколі ні з кім не гаварыў. І, верагодна, аказаўся б у самай цяжкай сітуацыі, калі б яго спыталі, што ж такое, па яго меркаванні, мастацтва: лекцыю ж Іткінда пра яго творчы метад я ўвогуле ўявіць сабе не магу. Ён быў майстрам, гэта значыць проста працаваў – і ўсё. І працаваў бойка, самаахвярна і заўсёды весела…

Юрый Дамброўскі

Памёр скульптар са Смаргоншчыны ў 1969 годзе. Засталіся працы Іткінда. У Дзяржаўным музеі мастацтваў Рэспублікі Казахстан імя Абылхана Касцеева – «Сказ пра мір», «Песня».

Ужо ў XXI стагоддзі ў Смаргонскім краязнаўчым музеі была разгорнута выстаўка «Вядомы і невядомы скульптар Ісаак Іткінд». Экспазіцыю, якая складалася з 25 фотаздымкаў унікальных прац земляка, дапамаглі аформіць Рускі музей (Санкт-Пецярбург), Усерасійскі музей А.С. Пушкіна (Санкт-Пецярбург), Дзяржаўны музей мастацтваў Рэспублікі Казахстан імя Абылхана Касцеева (Алматы, Казахстан). На выстаўцы былі прадстаўлены партрэты пісьменнікаў, спевака Поля Робсана, лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры (першай з жанчын!) аўстралійскай пісьменніцы Берты фон Зутнер, скрыпача Паганіні, серыя партрэтаў казахаў, скульптурныя кампазіцыі «Далоў вайну!», «Твар фашызму», «Асвенцым», «Іткінд у пекле».

Скульптор Исаак Иткинд

Исаак Иткинд в 1966-м. Фото: Иосиф Будневич, РИА Новости

Вяртанне Ісаака Іткінда ў родную старонку здзейснілася. Усё часцей яго імя згадваецца ў друку і розных даведніках. Мо з часам і скульптурны партрэт, бюст, помнік у гонар Ісаака Іткінда з’явіцца ў Смаргоні ці Гродна. А мо і адну з вуліц у Смаргоні назавуць імем гэтага дзіўнага і легендарнага творцы.