«Васільковае бушэ» і шмат гастрасэтаў: чым будуць частаваць гасцей «Славянскага базару ў Віцебску»
Фестывальны комплекс страў па фіксаванай цане прапануюць амаль тры дзясяткі ўстаноў.
Гастранамічную праграму падчас «Славянскага базару» забяспечаць больш за сотню аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання. А 29 з іх прапануюць сытнае меню з некалькіх страў, паведамляюць «Витебские вести».
Як удакладніла начальнік упраўлення гандлю і паслуг Віцебскага гарвыканкама Марына Старых, многія ўстановы-ўдзельнікі размяшчаюцца каля канцэртных пляцовак, а каб іх было больш зручна знайсці – ва ўсіх гасцініцах горада пакінуць карты гастрамаршруту. Кошт сэта фіксаваны – 35 BYN. Акцэнт на беларускай нацыянальнай кухні.
Большасць устаноў робяць важкую і сытную прапанову: салата, суп, гарачае (часам нават два варыянты), дэсерт (некаторыя рэстараны вырашылі абысціся без салодкага) і напітак.
Першыя стравы сэта прадстаўлены ў асноўным халаднікамі на кефіры, з рэдкім выключэннем у выглядзе баршчу, гуляшу і салянкі. Сярод гарачых страў нязменныя лідары – бульбяныя клёцкі, бульбяна-сырныя кнелі і дранікі. Апошнія спрабуюць здзівіць незвычайнай падачай: у выглядзе бургера або ў якасці складальніка салаты.
Па дэсертах стараліся не мудрагеліць: чызкейкі, мядовікі, «напалеоны», на фоне якіх асабліва ўтульна вылучаюцца блінчыкі з малінай і здобная булачка.
Напіткі прадстаўлены ў асноўным журавінавым морсам або квасам. Але ёсць і лімітаваныя дэсертныя прапановы з «нябесным» латэ, у складзе якога сіняя гарбата анчан, малако і ванільны сіроп.
У гастранамічную карту «Славянскага базару» ўключаны не толькі рэстараны высокага цэнавага сегмента, але і сталовыя. «Нам таксама захацелася прыгатаваць далікатныя стравы, – пракаментавала дырэктар адной са студэнцкіх сталовых Таццяна Суконкіна. – Усё па класіцы – першае, другое і кампот!»
Гэтыя ўдзельнікі будуць карміць гасцей халодным «Летнім» супам, бульбянымі аладкамі з філе фарэлі, салатай «Хутарок», а на дэсерт прапануюць ягадны кампот.


