Віка-хлебароб: як 20-гадовая настаўніца кіруе МАЗам і б'е рэкорды

Фото: Times.by
Вікторыі Пазняк – 20, выпускніца лоеўскага педкаледжа па размеркаванні працуе выхавальніцай на прадоўжаным дні ў брагінскай школе, а летам прыязджае ў родныя Бывалькі на ўборку ўраджаю.
На жніве ў Лоеўскім раёне Вікторыя праводзіць другое лета запар. Працуе ў звязцы з бацькамі – тата кіруе камбайнам, мама працуе яго памочнікам. У такім складзе сям'я Пазняк намалочвае ў сярэднім 80 тон збожжа ў дзень. Журналісты Times.by пазнаёміліся з незвычайным экіпажам.

Фото: Times.by
З тэхнікай на «ты» з дзяцінства
Вікторыя вырасла ў шматдзетнай сям'і – у яе два старэйшыя і столькі ж малодшых братоў. Як і хлапчукоў, дзяўчынку заўсёды цягнула да тэхнікі. Ужо ў 10 гадоў яна адрознівала ражковы ключ ад накіднога і ведала, да чаго могуць прывесці акісленыя клемы. Тата, які працуе механізатарам у гаспадарцы «Бывалькі», не забараняў дзецям прыходзіць на мехдвор: дазваляў зазірнуць пад капот вялікіх машын, даваў паруліць.
У 16 гадоў Вікторыя атрымала правы на матацыкл.
«Ён мне патрэбны быў, каб ганяць у Лоеў на вучобу. Бацькі паставілі ўмову – здасі на правы з першага разу, будзе табе матацыкл. Так у мяне з'явіўся Bajaj Pulsar на 125 «кубікаў». Праўда, зараз на ім ганяе тата», – смяецца дзяўчына.
Яна ж, як толькі споўнілася 18, здала на катэгорыю В і перасела на Geely SC7. А калі ў правах з'явілася адзнака С, паступіла прапанова папрацаваць на жніве: «Памятаю, бацька патэлефанаваў мне ў Брагін і кажа: «Вікуша, хутка там у цябе канікулы? У гаспадарцы рук не хапае. Давай да нас на перавозку збожжа». Згадзілася адразу – на катэгорыю С вучылася менавіта на МАЗе.
Увядзення ў прафесію як такога не было – бацька праехаў з ёй ад поля да збожжасклада і сказаў: «Ды ты лепш за мяне водзіш. Сёння ж улівайся ў працэс».
У раёне паміж гаспадаркамі праходзяць спаборніцтвы, хто больш намалоціць і перавязе збожжа. Віка з мамай пачалі весці ўлік. Старт атрымаўся больш чым заслужаны – за мінулы год яна ўзяла планку ў 2,4 тыс. тон.
І гэта прытым, што старая машына пастаянна выходзіла са строю. Самы вялікі прастой доўжыўся чацвёра сутак.
«Я тады сабе месца не знаходзіла, падганяла тату і братоў хутчэй вярнуць грузавік у строй», – успамінае мінулае лета Вікторыя.
Амбіцыі, рэкорды і губернатарскі МАЗ
У гэтым годзе дзяўчына разлічвае перавезці не менш за 3 тыс. тон збожжа. Павінна справіцца, тым больш маладога вадзіцеля прастымулявалі – цяпер яна працуе на новым МАЗе 650128.

Фото: Times.by
У мінулым годзе аб заслугах маладога педагога стала вядома ў аблвыканкаме, і яе запрасілі на жнівеньскую педканферэнцыю.
«Мяне выклікалі на сцэну. Губернатар асабіста падзякаваў за працу і спытаў, ці ёсць у мяне просьбы і пажаданні. Я вазьмі і скажы, што гаспадарцы патрэбны новы МАЗ. Ён адказаў «добра» – і цяпер я працую на сучаснай і зручнай тэхніцы», – расказвае дзяўчына.
Машына сапраўды зручная: кабіна падрысораная, каробка перадач механічная, сядзенні пнеўматычныя – на такой спіна не стамляецца, адзначае галоўны плюс маладая вадзіцель. На «губернатарскім» МАЗе Віка ўжо адматала 20 тыс. км і літаральна гэтымі днямі ездзіла на першае ТА.
«Ніякіх нараканняў. Толькі масла памянялі. І я назад у поле памчала», – прызнаецца дзяўчына.
За дзень яна робіць да 20 рэйсаў. Часам на адзін круг трэба 20, а то і ўсе 30 км – аддаленых палёў у гаспадарцы хапае, і гэта ўплывае на вынік. Нагнаць можна хуткасцю, таму там, дзе гэта можна, дзяўчына выціскае максімум – трымае 90 км у гадзіну.
Гэтымі днямі Віка ўстанавіла першы на гэтым жніве рэкорд – перавезла тысячу тон збожжа. Гэта лепшы вынік у Лоеўскім раёне. Да 1 жніўня плануе гэту лічбу падвоіць.
«Шмат што залежыць ад надвор'я. А яшчэ загрузкі. Пакуль я перавожу ад 7,5 да 15 тон, пры гэтым загрузіць мяне можна і з трох камбайнаў адразу амаль да 20 тон. Але для гэтага трэба нарасціць вышыню бартоў. Старшыня ўжо паставіў задачу, тата з братамі паабяцалі дапамагчы», – дзеліцца яна бліжэйшымі планамі.
У полі – кожны дзень без выхадных
На новым камбайне «Палессе GS12A1 Pro» ў гэтым сезоне працуе і бацька Вікі. Памочнікам у яго працуе жонка Людміла.
Віка прызнаецца: тата яе шкадуе, яна ж адзіная дачка. Але службовыя абавязкі ніхто не адмяняў.
Распарадак дня такі: у сем пад'ём, у 8:30 яна ўжо ў полі. Бацька ўстае значна раней – яму яшчэ трэба пачысціць камбайн, праверыць вузлы, змазаць агрэгаты, заправіцца.
«Як спадае раса, пачынаем работу. Дадому вяртаемся гадзін у дзесяць вечара, а часам і да поўначы. Сіл хапае толькі на тое, каб памыцца і дапаўзці да ложка. А назаўтра ўсё тое ж самае. І так кожны дзень без выхадных», – апісвае Вікторыя рабочы рытм хлебаробаў.
У мінулым годзе за паўтара месяца ўборачнай зарабіла BYN 5 тыс. Купіла мэблю ў кватэру, яшчэ і на ўборы засталося.
Вяселле, TikTok і ўвага прахожых
Аб вялікім горадзе Вікторыя не марыць: вясковы побыт ёй больш даспадобы.
«Людзі тут больш добрыя, ды і ёсць магчымасць разгарнуцца – развіваць сваю гаспадарку, жыць у добрым доме, – кажа яна. – У гэтым сэнсе лепшы прыклад – мае бацькі. У іх дзве каровы, свінні, качкі, куры, індыкі. А дом – заглядзенне. З вясны да позняй восені патанае ў кветках, а зімой здзіўляе прахожых арыгінальнай ілюмінацыяй».

Фото: Times.by
Віка расказвае, што з кабіны грузавіка часта бачыць ліс, маладых казуль, якія гарэзнічаюць у полі, аднойчы рысь трапілася. На кожным трэцім слупе – гняздо буслоў, па абочынах скачуць зайцы. Сустрэчныя МАЗы сігналяць дзяўчыне. Хтосьці з вадзіцеляў махае рукой, вітаючы мясцовую знакамітасць.
Аб ёй ужо некалькі разоў пісала раёнка, і менавіта дзякуючы гэтым заметкам на яе звярнуў увагу будучы муж: падышоў на Дні вёскі і проста сказаў: «Гэта ж ты грузавым МАЗам кіруеш?» Яна адказала – не. А ён адкрыў сайт, знайшоў артыкул – і паказаў Вікторыі яе фота. Аднеквацца было дарэмна. Настойлівасць хлопца Віка ацаніла – гэтай восенню ў іх вяселле.

Фото: Times.by
Нядаўна вадзіцель велікагруза стала гераіняй сюжэта ў TikTok. Кажа, што з цікавасцю прачытала каментарыі і пераканалася ў дабрыні людзей.
«Я і сама аднойчы завяла TikTok, вылажыла ролікі аб буднях са жніва. Заўважыла, што людзям тэма сельскай гаспадаркі заходзіць. Але, калі шчыра, часу весці канал наогул няма», – прызнаецца дзяўчына.
Цяпер у прыярытэце работа, аб адпачынку на моры нават не думае: «Ой, не. Валяцца на марскім пяску пад сонцам – наогул не маё. Вось скокнуць з парашутам мару і абавязкова гэта зраблю. А цяпер у мяне тут сваё мора бурліць – пакуль стаяць пагодныя дзянькі, трэба працаваць і працаваць».



















