Дзве аповесці Васіля Быкава пабачылі свет у В’етнаме

Мікола Прымака
Абноўлена:
Фото: Посольство Беларуси во Вьетнаме

Фото: Посольство Беларуси во Вьетнаме

Перакладчык Ву Тхе Кхой рады, што яму выпаў вялікі гонар перакласці на родную мову «Альпійскую баладу» і «Дажыць да світання».

Дзве аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава пабачылі свет у В’етнаме ў перакладзе вядомага ў краiне русіста і педагога Ву Тхе Кхоя.

«Альпійская балада» – адна з ранніх аповесцяў Васіля Быкава. Упершыню была надрукавана ў студзеньскім нумары часопіса «Маладосць» за 1964 год. Асобнай кнігай – таксама ў 1964-м. Першая публікацыя на рускай мове – у пяці нумарах часопіса «Огонёк». Таксама ў 1964-м «Альпійскую баладу» па-руску надрукавала і шматтыражная «Роман-газета».

У 1967 годзе па аповесці быў зняты фільм рэжысёрам Барысам Сцяпанавым. Савецкага ваеннапалоннага Івана іграў вядомы савецкі акцёр Станіслаў Любшын, італьянку Джулію Навелі – беларуская актрыса Любоў Румянцава.

У аснове аповесці – выпрабаваннi герояў, якія закахаліся, на мужнасць і вынослівасць. Прырода Альпаў сугучна пачуццям маладых людзей.

Праз шмат гадоў Васіль Быкаў успамінаў, што штуршком для напісання твора паслужыла рэальная гісторыя. У 1945 годзе ў аўстрыйскай частцы Альпаў будучы пісьменнік сустрэў італьянку, былую вязніцу фашысцкага канцлагера, якая шукала свайго Івана. Дзяўчына расказала пра тое, што год назад яна, італьянка з Неапаля, у час бамбардзіроўкі ваеннага завода ўцякла ў Альпы. І там сустрэла рускага ваеннапалоннага.

Твор і сёння хвалюе чытачоў ва ўсім свеце. У гэтым перакананы і перакладчык Ву Тхе Кхой.

Ведаю, што ў В’етнаме пабачыла свет пяць і болей асобных кніг Васіля Быкава. Яго творы друкаваліся на в’етнамскай мове і ў перыёдыцы. Упэўнены, што неўміручая быкаўская проза будзе і надалей цікавіць нашых перакладчыкаў і нашых в’етнамскіх чытачоў. Мір могуць усталёўваць людзі нераўнадушныя, здольныя да перажыванняў, пазбаўленыя цынічнага стаўлення да жыцця. І якраз усе гэтыя рысы праяўляюцца ў паводзінах герояў «Альпійскай балады», перакласці якую мне выпаў вялікі гонар.

Ву Тхе Кхой

Другая частка новай в’етнамскай кнігі Васіля Быкава – яго аповесць «Дажыць да світання».