Касцюм з паясоў, скульптура, гастрафэст: чым здзівіць фестываль нацыянальных культур у Гродне

Абноўлена:
Фото: Республиканский центр национальных культур

Фото: Республиканский центр национальных культур

Лейтматыў фестывалю ў гэты раз – «Свята свят», далучыцца да мерапрыемства гасцей запрашаюць прадстаўнікі 43 нацыянальнасцей.

Фестываль нацыянальных культур праходзіць у Беларусі з 1996 года.

«Асаблівасць мерапрыемства ў паэтапнасці: спачатку – у раёнах, потым – у абласных цэнтрах, фінал – у сталіцы свята – Гродне», – падкрэсліла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Хачкова.

У першым фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі 12 нацыянальнасцей: беларусы, рускія, украінцы, палякі, яўрэі, татары, армяне, малдаване, літоўцы, азербайджанцы, карэйцы і немцы.

А пятнаццаты збярэ прадстаўнікоў ужо 43 (разам з гаспадыняй падзеі – Беларуссю) нацыянальнасцей, якія размесцяцца на 20 падворках.

Спецыяліст падкрэслівае: мерапрыемства задумвалася (і працягвае несці гэты пасыл) як фестываль нацыянальнасцей для тых, каму Беларусь стала другім домам і малой радзімай.

Усім святам свята

«Лейтматыў пятнаццатага фестывалю нацыянальных культур – «Свята свят». Каб пазнаёміцца з іх каларытам, неабавязкова ездзіць па ўсім свеце, дастаткова прыехаць у Гродна 5, 6 і 7 чэрвеня», – растлумачыла галоўны рэжысёр фестывалю, дырэктар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Вольга Багдановіч.

Адкрые праграму мерапрыемстваў традыцыйнае высаджванне дрэў на Алеі дружбы. Далей будуць навінкі. Сярод іх адкрыццё бронзавай скульптуры аленя Святога Губерта – заступніка горада на Нёмане, каля ног якога размясцілася фестывальная кветка. Яна ўжо ўстаноўлена ў цэнтры Гродна ў канцы мая.

«Яшчэ адным новаўвядзеннем стане закладка капсулы памяці, – расказала Вольга Багдановіч. – Абыгралі нумералагічна: распячатаць і прачытаць праз 15 гадоў, ужо на 30-ы юбілей. Таксама ўпершыню ў праграме мерапрыемства заяўлены спектакль, які пакажам у другі дзень фестывалю: пушкінскіх «Цыган» у беларускай інтэрпрэтацыі. Рэверансамі Году беларускай жанчыны стануць эпізод шэсця, дзе сцяг фестывалю панясуць прадстаўніцы нацыянальных культур, а таксама праграма ў кінадворыку «Чырвоная зорка».

Касцюм з паясоў свету

Тэатралізаванае шэсце, якое з’яўляецца нязменным сімвалам фестывалю, у гэтым годзе адлюструе ўсе сімвалы і элементы свята за яго 30-гадовую гісторыю.

Калона, у якую выстраяцца «блокамі» прадстаўнікі 43 нацыянальнасцей, будзе несці паясы ў традыцыйных колерах і з характэрнымі арнаментамі. А потым з іх на галоўнай сцэне збяруць касцюм – як сімвал адзінства.

«Тут жа сваю творчасць пакажуць прадстаўнікі 14 культур – азербайджанцы, аргенцінцы, армяне, беларусы, грэкі, грузіны, яўрэі, індусы, карэйцы, палякі, рома, расіяне, узбекі і ўкраінцы, – удакладніў мастацкі кіраўнік фестывалю Валерый Грамада. – Будуць прадстаўлены як калектывы і ансамблі, так і індывідуальныя выканаўцы. Канцэрт закрыцця пройдзе ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра».

Другі дзень прысвечаны нацыянальным падворкам, якіх у гэты раз два дзясяткі. Самы маштабны – беларускі – размесціцца на плошчы Савецкай і збярэ ўдзельнікаў з усіх абласцей і сталіцы. Тут прадставяць як традыцыйныя рамёствы, так і рэгіянальныя брэнды. Гасцей запрашаюць навучыцца танцам, азам ганчарнага мастацтва, выцінанкі, пляценню з саломы і лазы.

Як расказала прадстаўнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Юлія Пекар, у першы фестывальны дзень беларускі падворак будзе адкрыты з 15:00 да 20:00, у другі – з 12:00.

Астатнія падворкі на вуліцах горада будуць працаваць з 12:00 да 18:00.

На прычалах Дамброўкі

Не менш насычаным стане трэці дзень – 7 жніўня, які традыцыйна праводзяць на Аўгустоўскім канале.

«Серыю фінальных мерапрыемстваў адкрые касцюміраванае тэатралізаванае шэсце, якое пачнецца на шлюзе Дамброўка ў 12:00, – паведаміла Юлія Пекар. – Таксама пройдзе рэгіянальны этап «Танцавальная кругаверць» і абласны фестываль традыцыйнага мастацтва «Скарбы Гродзеншчыны». Тэмай гэтага года выбралі вясельныя традыцыі рэгіёну».

У інтэрактыўнай частцы заявілі бітву лесарубаў, лоўлю рыбы ў басейне, бульбяны гастрафэст, фестываль фарбаў і нават спаборніцтвы па хадзьбе з перашкодамі.