Мінскае «Дынама» падвяло вынікі: лёс трэнера, бюджэт, пошук ігракоў і цэны на білеты

Фото: Святослав Зоркий, Times.by
«Зубры» правялі традыцыйную і абавязковую па рэгламенце КХЛ прэс-канферэнцыю па выніках сезона: ад клуба слова гаварылі генеральны дырэктар Арцём Каркоцкі і галоўны трэнер Дзмітрый Квартальнаў.
Па вялікім рахунку канкрэтыкі было мала, маўляў, трэба яшчэ правесці дакладны аналіз і потым рабіць вывады.
«Разумелі, што ў гэтым сезоне павінен быць зроблены крок наперад. Да гэтага ўсе імкнуліся. Крок наперад мінімальны адбыўся. Але на гэта было патрачана яшчэ больш сродкаў. Тут якраз-такі ёсць момант, над якім трэба падумаць», – двухсэнсоўна сказаў Арцём Каркоцкі.

Генеральный директор минского «Динамо» Артем Каркоцкий (слева) и главный тренер Дмитрий Квартальнов. Фото: Святослав Зоркий, Times.by
У Квартальнава яшчэ не сціхлі эмоцыі пасля завяршэння плэй-оф, дзе ў серыі ўступілі «Ак Барсу».
«Пасля такога фіяска ў канцы… Так прынята, што на апошнія рэчы звяртаем увагу. Шмат ёсць прычын. Не змаглі згуляць. Але гэта апраўданні. Але, паверце, вельмі шмат было зроблена. Каманда стала рэальна іншай. На яе ў лізе сталі ўсе па-іншаму рэагаваць. Я гуляў супраць мінскага «Дынама» і працаваў з Мінскам. Калі ўзяць пачатак майго першага года работы і цяпер – гэта розныя каманды. Зразумела, што клуб і ў фінансавым плане прыбаўляе. Але мы вялікія рэчы перавярнулі. Нашы мясцовыя хлопцы сталі іграць першыя ролі. Трэба іх падрыхтаваць. Самае галоўнае – даверыць. Былі рэзультаты. Трэба аддаць належнае хлопцам, якія прынялі гэтую работу. Тое, што ў канцы не атрымалася, – гэта іншая гісторыя», – сказаў Дзмітрый Квартальнаў.
Самае галоўнае пытанне: ці застаецца Квартальнаў у «Дынама»?
«Усе рашэнні па трэнерах і спартыўным менеджменце мы будзем прымаць да 31 мая. Сезон атрымаўся цікавым. Так, канцоўка пакінула дваякае ўражанне. Да канца мая будзем падводзіць вынікі», – адказаў Каркоцкі.
Калі задалі прамое пытанне, ці хоча Дзмітрый Вячаслававіч прадоўжыць працаваць у Мінску, канкрэтыкі таксама не было.
«Цяпер не гатовы адказаць. Хачу крыху адпачыць», – заявіў трэнер.

Главный тренер ХК «Динамо-Минск» Дмитрий Квартальнов. Фото: Святослав Зоркий, Times.by
Квартальнаў вядомы як эмацыянальны трэнер. Але часам залішняя экспрэсіўнасць, асабліва ў плэй-оф, можа пераходзіць у паніку і перашкаджаць.
«Я эмацыянальны чалавек. Нічога асабістага супраць кагосьці не маю, – адказаў Квартальнаў. – Можа, эмоцыі трэба ўстараніць. Згодны. Але мы ўсе жывыя людзі. Не хочам здавацца, прайграваць».
Аналізуючы вынікі другога раўнда з «Ак Барсам» (0:4 у серыі), Квартальнаў яшчэ раз сказаў, што не хапіла глыбіні, здароўя, варыятыўнасці ніжніх звёнаў.
«Мы разумелі праблемы, але не атрымалася падпісаць тых ігракоў, якіх хацелі. Цяжка гэта зрабіць у сярэдзіне сезона, разумею гэта. У матчах з «Ак Барсам» гэта прайшло чырвонай ніткай. Не хапіла рэальнай глыбіні, здароўя», – рэзюмаваў Квартальнаў.

Главный тренер ХК «Динамо-Минск» Дмитрий Квартальнов. Фото: Святослав Зоркий, Times.by
Пасля аднаго з матчаў з «Ак Барсам» Квартальнаў папракнуў хакеістаў у адсутнасці характару, што выклікала палеміку.
«Трэцяя гульня серыі была самай важнай. Праявілі бесхарактарнасць. Заўсёды ў адказе галоўны трэнер. Значыць, я не змог пераканаць, настроіць, каб яны згулялі шчыльна, дзёрзка. Гэты момант засмуціў. Нас абгулялі і збілі. Нас могуць абгуляць, але байцоўскі момант павінен быць. У нас шмат паўночнаамерыканцаў, якія ўмеюць гуляць. Але я ніколі не стаўлю хакеістаў асобна ад сябе», – сказаў Квартальнаў.
З года ў год часта паўтараецца гісторыя: у мінскае «Дынама» прыязджаюць паўночнаамерыканцы, здорава сябе праяўляюць, а калі ў іх завяршаюцца кантракты, іх да сябе на больш выгадныя ўмовы пераманьваюць клубы з Расіі. Цяпер гэта можа здарыцца з Алексам Ліможам і Таем Смітам.
«Штогадовая праблема. Ігракі такога ўзроўню прыязджаюць і паказваюць такую гульню, выходзяць на высокі ўзровень. Нам цяжка цягацца з рынкам у плане ўмоў. Але ў нас супрацоўнікі селекцыйнага аддзела працуюць пастаянна. Яны даказалі, што могуць знаходзіць брыльянты, якія прыязджаюць і становяцца ўпрыгажэннем лігі. Лімож – рэкардсмен, першы легіянер, які ў першым сваім сезоне набраў столькі ачкоў. Мы будзем прыкладаць усе намаганні, каб захаваць касцяк каманды і ўсіх лідараў», – сказаў Каркоцкі.

Генеральный директор минского «Динамо» Артем Каркоцкий. Фото: Святослав Зоркий, Times.by
Нападаючыя Віталь Пінчук, Вадзім Мароз, Ягор Борыкаў цікавыя клубам НХЛ, асабліва Пінчук. Каркоцкі заўважыў, што гэта прыемныя клопаты.
«Рады таму, што ёсць ігракі, якія дабіраюцца да НХЛ. Мы на сувязі з клубамі за акіянам, якія хочуць бачыць у сябе нашых ігракоў. Нас хвалюе іх будучыня і развіццё хлопцаў. Хочам, каб яны трапілі ў добрыя ўмовы, а не былі ў ратацыі. Наша мэта – давесці ігракоў да такога ўзроўню, каб яны сталі сталымі ментальна, фізічна і былі гатовыя заняць лідзіруючыя пазіцыі ў моцных клубах НХЛ», – адказаў Каркоцкі. І дадаў, што пакуль усё на стадыі перагавораў, прадметная размова з усімі хакеістамі наперадзе.
Спыталі гендырэктара і пра бюджэт на наступны сезон, ці будзе ён большы або меншы. Дакладнасці пакуль няма.
Перад стартам плэй-оф цэны на білеты павысілі, што шмат абмяркоўвалі ў сацсетках і нават на ўзроўні МАРГ.

Генеральный директор минского «Динамо» Артем Каркоцкий. Фото: Святослав Зоркий, Times.by
«Сусветная практыка паказвае: чым вышэйшы рэзультат, тым вышэйшыя цэны. Пасля першага падняцця цэн мы пачулі просьбы балельшчыкаў. Паколькі нас прызналі народнай камандай, цэны далей не сталі павышаць. Плюс на другі раўнд плэй-оф пакінулі скідку 25% уладальнікам абанементаў. І цэны паднялі толькі на лепшыя месцы на арэне. На астатнія месцы цэны прыкладна ў тым жа сегменце, які супастаўны з вольным часам у кінатэатрах, аквапарках. Мы не выходзілі за гэтыя рамкі. Хаця відовішча, гульня, атмасфера на «Мінск-Арэне», вядома, бясцэнныя», – сказаў Каркоцкі.

