«Мы едзем, едзем, едзем…»: аўтар музыкі да легендарнай песні нарадзіўся ў Брэсце

Мікола Прымака
Абноўлена:
Міхаіл Старакадомскі. Калаж Times.by

Міхаіл Старакадомскі. Калаж Times.by

У гэтай дзіцячай песні некалькі назваў: «Вясёлыя падарожнікі», «Песенька сяброў» і «Мы едзем, едзем, едзем…». Словы напісаў легендарны паэт, аўтар твораў, знаёмых дзецям многіх пакаленняў, Сяргей Міхалкоў, а музыку да песні склаў наш зямляк – ураджэнец Брэста Міхаіл Старакадомскі.

Песню напісалі ў 1937 годзе для кароткаметражнага фільма «Вясёлыя падарожнікі» рэжысёра Анісіма Мазура.

Зразумела, што карціну мала хто і памятае, а вось «Мы едзем, едзем, едзем…» і зараз гучыць у эфіры, прысутнічае ў рэпертуары дзіцячых музычных калектываў. Як, напрыклад, і ў рэпертуары маскоўскага дзіцячага музычнага тэатра «Дамісолька». І нават у розныя кінафільмы песня ці яе фрагменты патрапілі – «Варвара-краса, доўгая каса», «Асенні марафон», «Гуд бай, Ленін!».

Бацька – палярны даследчык

Нарадзіўся кампазітар Міхаіл Старакадомскі 13 чэрвеня 1901 года ў сям’і доктара і палярнага даследчыка Леаніда Старакадомскага (1875–1962), які на восем гадоў перажыў свайго сына, – таму былі наканаваны толькі 52 гады жыцця. Пахаваны на Увядзенскіх могілках у Маскве побач.

Біяграфія ў бацькі кампазітара ўнікальная: ваенны доктар, ён служыў у Брэст-Літоўскім i Кранштацкім шпіталях. Пры ўскрыцці цела матроса атруціўся трупным ядам, i яму ампуціравалі левую руку да самага локця. Але заставілі на службе: у Першую сусветную вайну быў лекарам. Потым удзельнічаў у Гідраграфічнай экспедыцыі на Паўночным Ледавітым акіяне, выконваў складаныя хірургічныя аперацыі (адной рукою!). Быў на ледарэзе «Фёдар Літке» ў палярнай экспедыцыі, затым у Другой Калымскай экспедыцыі.

Даследчык Леанід Старакадомскi. Фото: Лесс Александр, ТАСС

Даследчык Леанід Старакадомскi. Фото: Лесс Александр, ТАСС

Сваім падарожжам прысвяціў кнігі «Праз Ледавіты акіян з Уладзівастока ў Архангельск», «Пяць паходаў у Паўночным Ледавітым акіяне» ды iнш. Імя Старакадомскага носіць адкрыты ім востраў у паўднёва-ўсходняй частцы архіпелага Паўночная Зямля.

Сын – музыкант

Музыказнаўца, піяністка Лізавета Лойтэр успамiнала пра маленькага Міхаіла ў артыкуле для музычнага часопіса.

У дзевяць гадоў ён паступіў у Пецярбургскую гімназію. У гімназіі наладжваліся вучнёўскія канцэрты, і Міша абавязкова быў іх удзельнікам. Аднойчы ён удзельнічаў у выкананні «Дзіцячай сімфоніі» Гайдна. У ёй гучаць жалейкі, свістулькі, трохкутнікі, званочкі, музыка ілюструе спевы птушак, шапаценне лістоты, шум ветрыка. Пачатковец Старакадомскі падрабляў спеў перапёлкі, а яго таварыш – зязюлі. Настаўніца, якая дырыжыравала аркестрам, звярнула ўвагу на тое, як захоплена хлопчык выконваў сваю «партыю». Па яе парадзе яго пачалі навучаць музыцы.

Лізавета Лойтэр

Калі Міхаілу было дванаццаць гадоў, ён сам, без старонняй дапамогі, навучыўся іграць на кларнеце. Да гэтага часу ён ужо пачаў ствараць музыку, але па сціпласці сваёй нікому не адважваўся паказаць першыя творы. Ён разумеў, што кампазіцыя патрабуе сур’ёзных ведаў, і ўпарта займаўся.

Нядзельныя раніцы трынаццацігадовы Старакадомскі праводзіў у канцэртнай зале, слухаючы лекцыі па гісторыі музыкі.

Захопленасць музыкай у хлопчыка спалучалася з развіццём іншых захапленняў, з прагай да падарожжаў. Канешне ж, гэтаму спрыяла хатняя, сямейная атмасфера. Ён марыў пра далёкія краіны. Хацеў па прыкладзе бацькі падарожнічаць, адкрываць новыя, невядомыя дагэтуль прасторы.

Святам для падлетка былі кароткія прыезды бацькі ў Пецярбург. Ведаючы пра захопленасць, любоў сына да жывёл, бацька прывозіў то ракаў-пустэльнікаў з Чырвонага мора, то ангорскіх трусоў. Яны дапаўнялі хатні звярынец у кватэры Старакадомскіх – тут жылі кошка, сабака, неверагодна вялікая чарапаха, белыя мышкі. Жыла ў кватэры і канарэйка, якая асабліва распявалася, калі Міхаіл іграў на раялі розныя гамы.

Калаж Times.by

Калаж Times.by

У кансерваторыі Міхаіл спярша вучыўся па класе аргана ў Гёдыке Аляксандра Міхайлавіча. А праз два гады яшчэ і на кампазітарскім аддзяленні ў Мікалая Якаўлевіча Мяскоўскага: кампазітара і музычнага педагога, доктара мастацтвазнаўства, аўтара 27 сімфоній.

З 1930 года Старакадомскі і сам выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі. Міхаіл Леанідавіч уваходзіў у склад Асацыяцыі сучаснай музыкі. Яго работы (асабліва тыя, што былі створаны для аргана, і аркестравыя работы) з поспехам выконваліся ў ЗША, Францыі, Чэхаславакіі. У 1933 годзе напісаў оперу па аповесці Леаніда Лявонава «Соць».

Старакадомскі – аўтар падручнікаў па аркестроўцы, гісторыі музычных стыляў.

Ноты песни Школьный вальс

Калаж Times.by

І ўсё ж ураджэнец Брэст-Літоўска (старая назва Брэста) найболей быў вядомы ў Савецкім Саюзе як аўтар песень для дзяцей. За свае дзіцячыя песні Міхаіл Леанідавіч Старакадомскі ў 1952 годзе атрымаў Сталінскую прэмію трэцяй ступені.

Вось толькі некаторыя з іх:

  • «Лыжи легкие скрипят, / Сколько нами пройдено! / Стали щеки у ребят – / Красная смородина…» («Лыжная песня»);
  • «Льется веселая песенка вольная, / Залит огнями зеркальный каток…» («Школьны навагодні вальс»);
  • «В светлый утренний час в свой приветливый класс/ Мы приходим в положенный срок./ И встречает ребят чей-то ласковый взгляд – /Начинает учитель урок…» («Песня пра школьнага настаўніка»);
  • «Мы – дети свободной и мирной страны./ Народ наш великий не хочет войны…» («Пад сцягам міру»).

Яно і зразумела: добрая дзіцячая песня здольна шмат зрабіць у выхаванні хлопчыкаў і дзяўчынак, яна жыве доўга сярод некалькіх пакаленняў.