Толькі ўверх, да птушак і зорак: чым адметны паэт Янка Журба

Times.by
Сёлета споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта Янкі Журбы. Times.by апавядае пра доўгае жыццё паэта і вялікую магію творчасці: нават страціўшы зрок, Журба застаўся відушчым.
Галоўнае багацце любой краіны – яе народ. А самы вялікі скарб нацыі – таленавітыя, энергічныя, аптымістычныя людзі, якіх яна спарадзіла. Людзі, якім цікава жыць, рухацца наперад, вучыць і вучыцца самім.
Безумоўна, Янку Журбу (1881–1964) немагчыма паставіць у адзін шэраг з Максімам Багдановічам, Янкам Купалам ці Якубам Коласам. Але гэта сапраўдны паэт – не яго віна, што цяпер стаў малавядомы. І ён важны для беларускай літаратуры, як важкая для экасістэмы ў цэлым кожная кветка на лузе ці дрэва ў лесе.
Год нараджэння як віхура падзей
Янка Журба (сапраўднае імя Іван Івашын) нарадзіўся 30 красавіка 1881 года ў вялікай сялянскай сям’і, што жыла ў вёсцы Купніна Віцебскай губерніі.
Што за час быў тады? Прайшло ўсяго два дзесяцігоддзі, як у Расійскай імперыі афіцыйна адмянілі прыгон… У 1881-м беларус-нарадаволец Ігнат Грынявіцкі забіў цара Аляксандра II, калі згадваць самую гучную палітычную падзею.
А калі казаць пра здарэнне №1 у літаратуры, то ў 1881 годзе памёр пісьменнік Фёдар Дастаеўскі – пазней Журба перакладзе на беларускую мову ягоны раман «Бедныя людзі».
Дзіцё селяніна і муляра
У дзяцінстве будучы паэт шмат дапамагаў сваім бацькам – звычайная доля ўсіх дзяцей сялян. І тая дапамога была не толькі па хатняй гаспадарцы.
Як згадваў пазней сам Журба ў вершы «Маё маленства» (1922), яго бацька-селянін кожны год «ператвараўся» ў муляра і надоўга браў яго з сабою: «Каб зарабіць, я летам з бацькам // Па розных вёсках вандраваў. // Зімой вучыўся і з маленства // Цяжкую працу я спазнаў...».
Шлях студэнта і настаўніка
«Зімовая» навука дала плён. У 17-гадовым узросце Янка паступіў у Полацкую настаўніцкую семінарыю, а потым – у Глухаўскі настаўніцкі інстытут, што знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай Украіны.
Яшчэ студэнтам ён атрымаў першы прафесійны вопыт, бо падчас вакацый працаваў настаўнікам пачатковых класаў.

Times.by
Пасля заканчэння інстытута юнак вёў старэйшыя класы. Настаўнічаў не толькі на Віцебшчыне, але і ў іншых школах Расійскай імперыі – цудоўная глеба для асабістых назіранняў.
Імклівае ператварэнне ў паэта
Некалькі значных падзей, якія адбыліся з зусім невялікім інтэрвалам, канчаткова зрабілі з настаўніка рускай мовы і літаратуры Івана Івашына беларускага паэта Янку Журбу.
Гэта ягонае асабістае знаёмства з Янкам Купалам і нацыянальным друкам, Першая сусветная вайна, калі Журба, як і многія беларусы, быў вымушаны стаць бежанцам і з’ехаць у далёкую Сімбірскую губернію (выгнанне прымушае паэта вастрэй любіць Радзіму), і Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая дапамагла Журбе адчуць сэнс і кошт пераменаў у жыцці і ператварыць заняткі літаратурай у прафесію з заробкам.
Зашмат зораў і прастораў?
Першая кніга паэзіі Журбы «Заранкі» выйшла ў 1924-м у Мінску.

Times.by
Сучасныя даследчыкі ацэньваюць яе пазітыўна, але водгукі крытыкаў-сучаснікаў на позні дэбют 43-гадовага Журбы не былі станоўчымі. Альбо проста літасцівымі.
Паэта сурова папікалі за тужлівыя спробы выявіць у сваіх вершах пафас рэвалюцыі, за прымiтыўна-слязлiвую сентыментальнасць, падмену пачуццяў рыторыкай. І яшчэ шмат за што. Падлічылі нават, колькі разоў Журба ўжывае камбінацыі «вясна – сна» і «зоры – прасторы».
Не схіляцца перад лёсам
Але паэт працягваў пісаць вершы. Настаўніцкую працу ён цяпер спалучаў з акадэмічнай навукай.
Так, у 1934-м Журба стаў супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Што праўда, праз тры гады ён звольніўся адтуль з-за хваробы вачэй.
Набліжэнне слепаты (паэт амаль канчаткова страціць зрок у 1944-м) не адлучыла Журбу ад школьнай дзейнасці – ён стаў настаўнікам спеваў.
Жыццё паміж людзей і сам-насам
Паэт жыў на самоце ў доме на ўскрайку Полацка – адзін час пад наглядам манашак Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, зачыненага бальшавікамі ў 1921-м. Манашкай стала і сястра паэта, Марыя. Частку сваіх грошаў ён аддаваў праз яе на патрэбы манастыра.
Першая жонка Журбы, Ціна, якая ў 1915-м нарадзіла яму дачку, пасля разводу з’ехала з дзіцём у Ленінград – разам яны пражылі 10 гадоў. Другая жонка, Галіна, загінула-знікла падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Public Domain

Public Domain
Затое на працы паэта аталялі дзеці, падлеткі. Дый і розныя дарослыя візіцёры – па-асобку ці ў складзе дэлегацый – вельмі часта наведвалі яго.
«...Перажыві ў момант век»
Адзін са знаёмых Журбы, які завітаў да яго ў красавіку 1961-га, згадваў, што застаў 80-гадовага паэта ля веснічкаў.
Журба стаяў, абапёршыся на штакеціну, з узнятым уверх тварам. Паэт адчуваў цеплыню веснавога сонца і слухаў жаўрукоў, што спявалі над блізкім полем высока ў небе. Ужо ў хаце, абмяркоўваючы палёт Юрыя Гагарына (гэта падзея адбылася ў 1961-м акурат у красавіку – месяцы нараджэння Журбы), ён усклікнуў: «Вось бы дажыць да той пары, як да Марса паляцім!».
Сапраўды, жыццё аднаго чалавека можа змясціць усе падзеі і актыўнасці на свеце разам – ад забойства цара да палёту ў космас, ад сялянскай працы да заняткаў творчасцю.
Вершы для дзяцей як выпрабаванне
Ёсць безадказны сродак праверыць, ці сапраўды паэт таленавіты.
Для гэтага дастаткова азнаёміцца з ягонымі вершамі для дзіцячай аўдыторыі (дарэчы, вельмі дзіўна, калі ў паэта няма такіх твораў).
Гэтыя паэтычныя радкі можна прачытаць, напрыклад, свайму «ўнутранаму дзіцёнку», у існаванні якога заўсёды быў пэўны французскі літаратар Антуан дэ Сент-Экзюперы. Альбо прамовіць іх уголас у прысутнасці маленькіх слухачоў – што скажуць іх вочы, як адрэагуюць іх сэрцы?
Янка Журба пісаў вершы для дзяцей – найперш для сваёй адзінай дачкі Іраіды (гэта імя ў перакладзе азначае «дачка героя»). І пісаў іх багата. Іншым разам лірычным героем тых твораў выступае сам паэт, які аднаўляе краскі і фарбы свайго дзяцінства, ратуючы яго ад бегу часу.
Сапраўды, памяць пра ўласнае маленства можа вярнуць нам страчаны зрок.

Times.by

Times.by

