Вяртанне з вайны: дзённікі вучня Казіміра Малевіча прададзены на аўкцыёне

ЛагатыпМікола Прымака
Times.by

Times.by

З'яўленне рарытэтнага архіва Льва Юдзіна мастацтвазнаўцы лічаць фантастычным вяртаннем.

Збор дзённікавых запісаў, малюнкаў і лістоў ураджэнца Віцебска Льва Юдзіна пайшоў з малатка «Літфонда» 16 красавіка за 2,1 млн расійскіх рублёў пры стартавым кошце 1 млн.

Архіў Льва Юдзіна, бліжэйшага вучня Казіміра Малевіча, – неверагодная знаходка для гісторыі рускага авангарда. Ён утрымлівае важнейшыя звесткі аб «крузе Малевіча» і запаўняе значныя прабелы ў вывучэнні мастацтва 1920–1930-х гадоў.

Раней лічылася, што сшыткі з запісамі за чэрвень, жнівень, верасень і лістапад 1926 года, а таксама за 1927–1928 гады былі незваротна страчаны. У 2017 годзе мастацтвазнаўца Ірына Карасік надрукавала вялікі абсяг дзённікаў нашага земляка, а вось згаданы перыяд адсутнічаў.

Архіў Льва Юдзіна. Фота: «Літфонд»
Архіў Льва Юдзіна. Фота: «Літфонд»
Архіў Льва Юдзіна. Фота: «Літфонд»
Архіў Льва Юдзіна. Фота: «Літфонд»

Архіў Льва Юдзіна. Фота: «Літфонд»

1/4

У ліпені 1941-га мастак быў мабілізаваны на фронт. Сям’я – жонка Марыя Гарохава з сынам – знаходзілася ў эвакуацыі. Адна з суседак заўважыла, што нейкімі паперамі іншыя суседзі Юдзіна распальваюць печку. Высветлілася, што гэта рукапісы мастака, малюнкі… Адабраўшы тое, што засталося, суседка захоўвала гэты архіў праз усю вайну, праз увесь блакадны час. Калі вярнуліся родныя, перадала паперы ім. Гэты архіў і склаў аснову публікацыі шматстаронкавай кнігі, падрыхтаванай Ірынай Карасік. А вось новыя старыя старонкі з’явіліся на аўкцыёне толькі цяпер, у 2026-м.

Леў Юдзін (1903–1941) – адзін з самых таленавітых вучняў Малевіча. І менавіта яго, Юдзіна, дзённік – найважнейшая крыніца для разумення педагогікі Малевіча, для асэнсавання яго жыцця і творчасці, усведамлення таго, як адбывалася эвалюцыя беспрадметнага мастацтва ў 1920–1930-я гады.

Times.by

Times.by

Юдзін вучыўся ў Віцебскім мастацка-практычным інстытуце ў 1918–1922 гады. Спачатку – у майстэрні Яніса Робертса Тылбергса, які ў 1955 годзе будзе адзначаны званнем народнага мастака Латвійскай ССР. Затым, у ліпені 1919 года, Тылбергса як кіраўніка скульптурнай майстэрні змяніў Давід Аронавіч Якерсон. Вучань традыцыяналіста Юдэля Пэна ў сярэдзіне 1900-х гадоў, у 1920-я гады Якерсон быў шчырым прыхільнікам ужо Малевіча, уваходзіў у створанае ім таварыства «УНОВИС» («Сцвярджальнікі новага мастацтва»).

Вучыўся Юдзін і ў Веры Ермалаевай, Ніны Коган і таксама ў Казіміра Малевіча. Жыццё, вучоба ў Віцебску былі даволі насычанымі. Юны творца імкнуўся адольваць самыя сур’ёзныя вяршыні майстэрства.

Леў Юдзін, Пейзаж з козамі, 1937

Леў Юдзін, Пейзаж з козамі, 1937

5 ліпеня 1919 года ў газеце «Витебский листок» выходзіць нататка «Прэміраваныя працы вучняў мастацкага вучылішча». Публікацыя прысвечана першай справаздачнай выставе вучылішча. Па жывапісу адзначаюць Цыперсона, Вітэнзона, Хідэкеля, Векслера, Куніна, Зельдзіна і Валахонскага. Па скульптуры – Юдзіна і Байдзіна.

А 6 ліпеня ў выданні «Просвещение и культура» выходзіць больш шырокая рэцэнзія, прысвечаная выставе. Вось што піша яе аўтар П. Мядзведзеў: «Відавочна, таленавіты Л. Цыперсон (майстэрня М. Шагала), працы якога адлюстроўваюць моцнае адчуванне ветра і спектра фарбаў, здаровую традыцыйнасць («Стары») і майстэрства быць яркім без шумнай і таннай стракатасці. Вельмі сакавітыя і выразныя накіды Бразера (майстэрня Ермалаевай). Відавочна, цікавы Векслер (майстэрня Шагала), хоць пакуль што ён больш маляр, чым жывапісец. Працы Куніна (майстэрня Шагала) крыху сухаватыя, неяк вельмі матэматычныя, але, напрыклад, у яго галоўцы дзяўчыны ёсць і добры малюнак, і адчуванне выразнай формы. Нарэшце, звяртаюць на сябе ўвагу скульптурныя працы Юдзіна і Наскова (майстэрня Якерсона)…»

Леў Юдзін, эскiз кнігі

Леў Юдзін, эскiз кнігі

Пакінуўшы Віцебск разам з асноўным складам «УНОВИСа» ў 1922 годзе, Юдзін жыў у Петраградзе. Вучыўся ў «ВХУТЕМАСЕ» – «ВХУТЕИНЕ». Займаўся афармленнем тэорыі К. Малевіча пра надбавачны элемент у мастацтве па раздзелу кубізма.

Працаваў наш зямляк загадчыкам графічнай часткі Дзяржаўнага вучэбна-педагагічнага выдавецтва, супрацоўнічаў з дзіцячымі часопісамі «Ёж» і «Чиж», афармляў творы, асобныя кнігі Данііла Хармса («Лиса и заяц», «Петух и лисица»), Аляксандра Увядзенскага.

Леў Юдзін, вокладка часопіса «Чиж», 1935

Леў Юдзін, вокладка часопіса «Чиж», 1935

Леў Юдзін, вокладка часопіса «Чиж», 1933

Леў Юдзін, вокладка часопіса «Чиж», 1933

Застаўся макет нявыдадзенай кнігі-цацкі Хармса з малюнкамі Льва Юдзіна «Странные звери». Ужо пасля вайны, у 1945 годзе, у ленінградскім аддзяленні «Детгиза» кніжка-цацка пад назвай «Кто такие?» выйшла з вершам Нiны Гернет.

У лістападзе 1941 года Юдзін загінуў у баі пад Тосна. Што цікава, мастак ведаў, што прыйшла «бронь», якая дазваляла вярнуцца ў горад, а можа, следам і выехаць у эвакуацыю. Але сваіх баявых таварышаў мастак не пакінуў. Першая персанальная выстава прац Льва Юдзіна была пасмяротнай – у 1946-м.

Цікавасць да адметнай творчасці нашага земляка з Віцебска не знікае і праз многія дзесяцігоддзі пасля яго індывідуальных, яркіх мастацкіх адкрыццяў, здзейсненых у самы няпросты час першай паловы XX стагоддзя.