Тут забілі Кейстута: у Крэўскім замку знайшлі старажытную цямніцу – відэа

У вялікім відэа Times.by расказвае і паказвае, якія адкрыцці зрабілі вучоныя ў гэтым сезоне падчас маштабных рэстаўрацыйных работ у Крэўскім замку.
Дадаць у асноўныякрыніцы Google
Значэнне горада Крэва і мураванага замка для гісторыі Беларусі цяжка пераацаніць: тут не толькі адбываліся дынастычныя канфлікты і сярэдневяковыя бітвы. 14 жніўня 1385 года ў Крэве была падпісана знакамітая унія, якая змяніла ход палітычнай гісторыі ва Усходняй Еўропе.
Менавіта ў Крэўскім замку адбылася драматычная падзея ў нашай гісторыі – у 1382 годзе загінуў вялікі князь літоўскі Кейстут.
«Сёння мы перажываем адзін з самых актыўных этапаў рэстаўрацыі і вывучэння Крэўскага замка, які пачаўся ў 2017 годзе. За гэты час былі закансерваваны Княжацкая вежа і ўсе чатыры сцяны», – расказаў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі IX–XVIII стагоддзяў і археаграфіі Інстытута гісторыі Алег Дзярновіч.
У ходзе раскопак у Княжацкай вежы Крэўскага замка знайшлі ступені, якія вядуць у цямніцу, дзе ўтрымліваўся вялікі князь Кейстут.
Знойдзеныя аўтэнтычныя канструкцыі прыступак XIV стагоддзя ўяўляюць гістарычную і культурную каштоўнасць. Акрамя гэтага, яны нясуць дакладную інжынерную інфармацыю.
Работы па расчыстцы завалаў у вежы ідуць пры дапамозе канвеера, на якім усе абломкі старанна перабіраюць спецыялісты. У гэтых абломках змяшчаюцца фрагменты размаляванай тынкоўкі сцен, якія спатрэбяцца для рэстаўрацыі ўнутранага ўбрання памяшканняў у будучым.
Калі ў замку запрацуе музей, пакуль сказаць складана. «Спадзяюся, пры належным фінансаванні, можа, праз 5–7 гадоў я вас запрашу сюды. І мы спусцімся на цокальны ярус і паглядзім на месца, дзе сядзеў у зняволенні Кейстут ва ўжо адрэстаўраваным данжоне», – сказаў археолаг.
Больш аб рэстаўрацыі замка чытайце ў спецпраекце Times.by: Крэўскі замак раскрыў галоўную таямніцу: знойдзены ўваход у цямніцу, дзе задушылі Кейстута.

