Вясна ў 80: яркія спадніцы і ўрокі жыцця ад бабулі Марыі з Неглюбкі

Мария Савастенок. Фото: Times.by
Замуж трэба выходзіць толькі па каханні, касметыка – зло, а лепшы сродак ад стрэсу – зацягнуць песню. Times.by запісаў парады вясковай жанчыны, якая ў 80 гадоў бадрэйшая за многіх дваццацігадовых гарадскіх.
У жніўні Марыі Савасцёнак споўніцца 81. Яна не баіцца ні старасці, ні смерці. Кажа, ёй няма калі пра гэта думаць: нясушак трэба карміць, печ паліць, расаду сеяць, а з вясны да замаразкаў агарод даглядаць.
Пры гэтым яна не супраць пагутарыць шчыра з цікаўнымі журналістамі і паказаць ім ўсё, што змяшчаецца ў яе адзежнай шафе. У ёй – каля двух дзясяткаў яркіх спадніц і столькі ж рознакаляровых хустак і кофт.

Мария Савастенок. Фото: Times.by
«Лік і пісьмо вывучыла. Адукаваная, атрымліваецца?»
У Неглюбцы, вядомай на ўвесь свет вёсцы, Марыя Савасцёнак жыве ўжо 13 гадоў. Калі муж моцна захварэў, пераехала з ім бліжэй да дачок. Жыццё і лёс жанчыны звязаны з Веткаўшчынай. Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Селішча, выйшла замуж і расціла дзяцей у Перавессі, а дажываць свой век вырашыла ў Неглюбцы.
Марыя з вялікай сям’і: акрамя яе ў бацькоў было яшчэ 12 дзяцей. Яна самая малодшая. З сясцёр і братоў нікога ўжо няма ў жывых, засталіся толькі ўспаміны.
«У школе я адвучылася тры класы і кінула. Няма ў чым было хадзіць на тыя ўрокі – ні ботаў, ні паліто. Але лік і пісьмо вывучыла. Адукаваная, атрымліваецца? – смяецца бабуля. – Ва ўсякім разе, улік малака вяла. Муж з яго дзесяццю класамі не мог у тых лічбах разабрацца, а ў мяне ўсё сыходзілася».
У 10 гадоў Марыя пайшла працаваць у калгас: сціртавала салому, палола буракі, убірала кукурузу, пасвіла кароў. «Плацілі за працу працаднямі. У канцы года кожная сям’я атрымлівала збожжа, сена, бульбу», – успамінае яна няпростае дзяцінства.
Парада №1: грошы на сукенкі не траць, інакш дом не пабудуеш
Ад працы Марыя ніколі не ўхілялася. Спачатку ў калгасе працавала даяркай, потым на цэглавым заводзе, затым зноў вярнулася на ферму, дзе было 500 галоў дойнага статка.

Фото: Times.by

Фото: Times.by
«Даілі ўручную. Я за змену выдойвала 15 кароў. А калі апараты з’явіліся, нагрузку павялічылі – спачатку да 25, потым да 50 кароў, – ног да вечара не адчувалі. А дома чакала свая гаспадарка – кабыла, карова, парасяты...» – уздыхае субяседніца.
І ўсё роўна, кажа, знаходзіла час у суботу на танцы бегаць, а па начах садзілася за швейную машынку і страчыла на заказ андаракі [пышныя спадніцы. – Times.by]. Праўда, не з даматканага матэрыялу, а з таго, што прыносілі мясцовыя модніцы.
«Звычайна неслі адрэзы з моднага тады «крэпшыну» [крэпдэшыну. – Times.by], за ім ездзілі ў Кіеў. А часам у ход ішлі хусткі, купленыя ў нашым сельмагу. Зараз пакажу», – Марыя дастае з шафы рознакаляровыя спадніцы.
«Я яркае дужа любіла. У мяне ўсе нарады чырвоныя, зялёныя, фіялетавыя. А не, брашу. Было яшчэ белае плацце з вялікімі макавымі кветкамі. Ух, якое яно было прыгожае! Яго часта сяброўкі прасілі апрануць. Раней заўсёды дзяліліся адзежай. І правільна ж рабілі – навошта на анучы грошы траціць. Так на дом не збярэш», – разважае гаспадыня ўтульнай вясковай хаты.
Парада №2: ідзі замуж па каханні, слухай толькі сваё сэрца
«Муж? Дык у мяне іх чацвёра было», – здзіўляе адкрыццём Марыя Рыгораўна. Першага – суседа-трактарыста – яна ніколі не кахала. Выйсці за яго прымусілі бацькі.
«Ён мяне старэйшы на 12 гадоў быў, а мне тады 16 нават не споўнілася. Кахала іншага, Толіка, але супраць волі бацькоў не пайшла. Толік потым стаў маім чацвёртым, апошнім, мужам. Будаўнік, залатыя рукі. А прыгажун які – вунь паглядзіце на майго галубчыка», – паказвае Марыя чорна-белую фотакартку.
Першага мужа яна не кахала да такой ступені, што за адзін стол з ім есці не садзілася: «Так пагана мне было. Пражыла з ім 8 месяцаў і столькі ж разоў збягала з яго дома».
Аднойчы Марыя схавалася ў суседскай хаце, у склепе. Шукалі прапажу ўсёй вёскай два тыдні. Ужо думалі, што ўтапілася. А потым суседка прызналася, што маладая жонка хаваецца ў яе. Пасля гэтага выпадку яе адпусцілі да бацькоў.
З другім і трэцім мужам таксама не склалася. Прыгожая, працавітая, але з характарам Марыя сама іх адшыла: адзін раўнаваў без прычыны, другі хацеў дзяцей, а не атрымлівалася.

Фото: Times.by
«Сумавала? Ніколькі. Вярнулася ў свой пасёлак вечарам, а назаўтра да дома ўжо пад’ехала «буханка» – у ёй маё першае каханне Толік са сваёй маткай. За мной прыехалі і да сябе ў Перавессе павезлі. Мне тады 20 было», – успамінае Марыя Рыгораўна.
З Анатолем яны пражылі доўга і шчасліва, нажылі пяцёра дзяцей: «Душа ў душу з ім. Ён мяне ва ўсім слухаў. А я, калі крыўдзілася, выгляду не падавала. І не раўнаваў мяне ніколі. Вось такі добры мужык у мяне быў».
Сваім дачкам выбіраць мужоў яна не перашкаджала. Кожная сама вырашыла, за каго ісці да шлюбу.
Пытанне, як зразумець, што гэта твой чалавек, ставіць яе ў тупік.
«Не, дзеткі, гэта не растлумачыць. Ёкнуць нешта павінна вось тут, у грудзях. То і ёсць каханне. Я пасля першага мужа двойчы хадзіла замуж – паважала кожнага. Але кахання не было», – прызнаецца Марыя.
Парада №3: глядзі за сабой, касметыкай не злоўжывай
Акрамя рознакаляровых спадніц звярнуць на сябе ўвагу можна было самаробнымі ўпрыгожваннямі. І калі пра гарлячку – неглюбскі, як бы цяпер сказалі, чокер – вядома многім, то пра пацеркі, падобныя на ёлачныя цацкі, чуць не даводзілася. У Марыі Рыгораўны такія «кавалачкі шкла» захаваліся.
«Мы іх занізкамі называлі. Дзе бралі – ужо не ўспомню. Куплялі, напэўна. Крохкія яны былі. Ох, колькі кавалераў пакалолі рукі з-за гэтых кавалачкаў шкла», – смяецца бабуля.

Фото: Times.by

Фото: Times.by
Каб здзівіць гасцей яшчэ больш, гаспадыня адчыняе скрыначку з пушыстымі белымі шарыкамі.
«Во, гляньце, якія завушніцы! Гэта пушкі. Іх выразалі з гусінага гузка пры забоі птушкі. Засушвалі пушок з кавалачкам скуры, потым мылі, сушылі і ў меле бялілі. Белыя шарыкі вешалі на верхнюю частку завушніцы, каб банечку было відаць – колца ці пацерку-вісюльку. Во як фарсілі», – прыкладвае Марыя завушніцы да вушэй.

Фото: Times.by
Касметыкай Марыя Рыгораўна ў жыцці не карысталася: «Што вы! Вада ды мыла – вось і ўсё. Касметыка – зло: маршчын дадае, скуру псуе. Бурак лепш патрыце на шчокі замест румян. І пра баню не забывайце: кожны тыдзень туды хадзіце. Гэта закон!»
Парада №4: больш рухайся, а калі на душы дрэнна – спявай
Многія кажуць: з узростам прыходзіць стомленасць – хочацца паляжаць, падрамаць. «На тым свеце наляжыцеся», – адмахваецца Марыя ад размоў пра стомленасць.
Кажа, варта ёй два дні не выйсці з хаты, быццам нешта ўнутры сціскаецца. Без руху яна як без паветра. Дагэтуль ездзіць на веласіпедзе, многа ходзіць пяшком.
І тут жа прымушае нас усміхнуцца – спрытна ўскоквае на драўляную лаву, з яе – на печ. Шмыг за шторку – і праз пару секунд вяртаецца да нас, каб расказаць яшчэ адну павучальную гісторыю з жыцця.

Фото: Times.by
«Калісьці вярнуўся мой Толік з чарговага калыму [падзаработак. – Times.by], а я яму з парога – агароджу пастаў новую, гэта вось-вось разваліцца. Маладая была, дурная яшчэ – хто ж так мужа сустракае пасля доўгай разлукі, – успамінае Марыя. – Пасварыліся. Стаяла тая агароджа некранутай некалькі дзён. Думаю, не, так не гадзіцца. Бяжала раніцай на ферму, ды і пхнула дошку, увесь рад паваліўся. Вечарам іду дадому – новая агароджа стаіць, і мой Толік яе фарбуе».
Прычын у яе жыцці плакаць у падушку хапала. І лепшы сродак прывесці сябе ў пачуццё – зацягнуць песню. Сумных і вясёлых – яна іх ведае сотні.
Парада №5: не бойся смерці, падрыхтуйся да яе загадзя
Трынаццаць гадоў таму Марыя пахавала любага Анатоля. Калі б не зямныя клопаты, пайшла б, кажа, за ім. І дадае: «А жыць жа трэба. У мяне ж куры, агарод, свая бульбачка, ды і ўнукам яшчэ многае трэба расказаць...»
Кажа, што не баіцца смерці: «А чаго яе баяцца. Прыйдзе, тады і памру». Але падрыхтавалася загадзя: каб прыгожай і ўбранай пайсці ў той свет, сабрала так званы смяротны вузел. Паклала тры хусткі – і пад галаву, і абвязацца, зялёны андарак (сама, зразумела, пашыла), яркую модную кофту і шмат іншых важных рэчаў – усё як трэба.

Фото: Times.by
«Тут любіла прыбірацца і туды хачу пайсці прыгожай», – у кожным яе слове, у яркіх хустках і андараках – доказы таго, што ўзрост – гэта не гады ў пашпарце, а нягаснучы агонь унутры.
















