Янка Купала і Максім Багдановіч ўпершыню перакладзены на мову уйльта

Елена Бибикова для Times.by
Прадстаўнікі аднаго з карэнных малалікіх народаў Расіі – уйльта – большаю часткай жывуць у Сахалінскай вобласці: у горадзе Паранайск і сяле Вал Ногліцкага раёна.
Сахалінская пісьменніца Алена Бібікава пераклала на сваю родную мову уйльта верш народнага песняра Беларусі Янкі Купалы «Беларускім партызанам!», а таксама верш класіка беларускай паэзіі Максіма Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…».
Уйльты (саманазва) ці оракі (болей афіцыйна) – тунгуска-манчжурскі народ, адзін з карэнных малалікіх народаў Поўначы, Сібіры і Далёкага Усходу Расійскай Федэрацыі. Колькасць оракаў па перапісе 2010 года – 295 чалавек. І хаця оракская мова выкарыстоўваецца абмежавана, у асноўным у побыце, носьбіты мовы оракаў, лінгвісты робяць спробы захаваць яе. У 2008 годзе выдадзены буквар для тых, хто жадае вывучаць выміраючую мову.
Адна з носьбітаў мовы уйльта Алена Бібікава займаецца перакладамі на родную і рускую мовы твораў мастацкай літаратуры, казак, паданняў, легенд. Піша вершы для дзяцей. Пераклала на уйльцінскую мову знакамітую аповесць Антуана дэ Сэнт-Экзюперы «Маленькі прынц». Пабачылі свет кнігі Алены Бібікавай «Блізкім табе стане», «Па сцяжынцы», «Палёт натхнёнай душы».
Кіраўнік Сахалінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Уладзімір Сяменчык (дарэчы, наш зямляк, лёс якога цесна звязаны са Слуцкам і Мінскам) адзначыў: «Прыемна, што старэйшына пісьменніцкага цэха Сахалінскай вобласці Алена Аляксееўна Бібікава, якая як літаратар працуе на роднай мове уйльта, звярнулася да творчасці беларускіх класікаў. Спадзяюся, што пры падтрымцы беларускіх сяброў сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі народаў Поўначы стануць трывалымі».
Саюз пісьменнікаў Беларусі падрыхтаваў для перакладчыцы з Сахаліна падрадкоўнікі твораў беларускіх класікаў – Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, а таксама сучасных паэтаў Беларусі – Алеся Бадака, Віктара Шніпа, Міхася Пазнякова, Рагнеда Малахоўскага і іншых творцаў.

