З беларускіх фехтавальшчыкаў знялі спартыўны бан

Фото: БРФФ
Раней абмежавальныя меры ў дачыненні да спартсменаў з Беларусі знялі многія іншыя міжнародныя федэрацыі.
Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі фехтавання (FIE) прыняў рашэнне, што, пачынаючы з чэмпіянату свету сярод дарослых 2026 года ў Ганконгу, усе ахоўныя меры ў дачыненні да беларускіх спартсменаў будуць знятыя, паведаміла ў аўторак прэс-служба FIE.
Спартсменам і афіцыйным асобам, якія маюць беларускія пашпарты, будзе дазволена ўдзельнічаць ва ўсіх індывідуальных і камандных спаборніцтвах FIE у нацыянальнай форме, пад сцягам і з гімнам сваёй краіны.
«Гэта рашэнне адлюстроўвае прыхільнасць FIE асноўным прынцыпам Алімпійскай хартыі, уключаючы недыскрымінацыю, роўнае абыходжанне і ўніверсальнасць спорту, а таксама мэтам і прынцыпам, выкладзеным у статуце FIE», – гаворыцца ў паведамленні.
Чэмпіянат свету сярод дарослых у бягучым годзе адбудзецца з 22 па 30 ліпеня.
Нагадаем, спартыўныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі міжнародныя федэрацыі пачалі ўводзіць па палітычных матывах у лютым – сакавіку 2022 года. Праз чатыры гады, 7 мая 2026-га, Міжнародны алімпійскі камітэт аднавіў беларускіх спартсменаў у правах, дазволіўшы ім выступаць на ўсіх турнірах са сцягам і з гімнам.
Услед за гэтым шэраг міжнародных федэрацый зняў бан са спартсменаў з Беларусі.

