З кагорты віцебскіх мастакоў: дрэвы, неба і людзі Евы Левінай-Разенгольц

Ева Левіна-Разенгольц. Калаж: Times.by
10 чэрвеня адзначаецца 128 гадоў з дня нараджэння віцебскай мастачкі Евы Левінай-Разенгольц. Сярод яркіх віцебскіх мастакоў пачатку XX стагоддзя яе імя дужа і не прыкметнае. Але зробленае ёю ў мастацтве, перажытае ёю заслугоўвае глыбокай пашаны.
Левіна-Разенгольц з ліку людзей, якія перажылі найглыбейшы зрух свайго светаадчування, апынуўшыся ў віры катастрафічных падзей мінулага стагоддзя. У 51 год яна была рэпрэсаваная і 10 гадоў правяла ў ссылцы.
Мастацтвазнаўца Міхаіл Межанінаў вось што заўважыў пра яе працы і яе пакутлівы мастацкі і жыццёвы лёс.
Міхаіл Межанінаў
Калі рэабілітаваная мастачка вярнулася з лагера, ёй было 58 гадоў. Наперадзе заставалася яшчэ 19 маскоўскіх гадоў жыцця. І пражыла іх Ева Паўлаўна ў пакутлівых творчых пошуках. Ці можна назваць гэты час шчаслівым перыядам яе жыцця? Яна, канешне ж, трымала ў памяці ўсе свае папярэднія гады. Памятала і Віцебск, дзе ў 1914 годзе скончыла Аляксееўскую гімназію. Трымала ў памяці Першую сусветную вайну, у час якой служыла сястрой міласэрнасці ў ваенна-палявым шпіталі, – захавалася сямейнае паданне пра тое, што ў юную прыгажуню Еву закахаўся стары генерал.

Ева Левіна-Разенгольц (злева) ў Першую сусветную вайну. Фота: Бессмертный барак
У 1917 годзе, калі ўжо награвалася само паветра ад рэвалюцыйных падзей таго часу, Ева ў Томскім універсітэце атрымала дыплом зубнога доктара. Што ж, магла б выбудаваць для сябе кар’еру ціхага і, магчыма, грашова забяспечанага медыцынскага работніка. Магла б, але неадольная цяга да мастацтва перакроіла ўсё яе жыццё.
У 1917–1918 гады яна жыве ў Маскве, бярэ ўрокі малявання і скульптуры ў вядомага на той час скульптара Сцяпана Эрзі. Як толькі скульптар пакінуў Маскву і ў 1919 годзе пераехаў на Урал, пакідае Маскву і Ева Разенгольц. Вяртаецца ў родны Віцебск.
1919–1920-я гады ў Віцебску насычаны мастацкімі з’явамі. І ўсё ж у 1920 годзе Ева пераязджае ў Маскву. Працягвае мастацкую адукацыю ў студыі А. Галубкінай. Паступае ў славуты ВМАТЭМАЙ. Займаецца ў майстэрні Роберта Фалька, дэкана факультэта жывапісу.

«Старыя», 1925 год. Ева Левіна-Разенгольц. Дзяржаўная Траццякоўская галерэя
Фальк лічыў Еву Разенгольц любімай і самай таленавітай вучаніцай. Адзначаў, што яна адчувае колер. Дарэчы, дыпломная праца Разенгольц «Старыя (Старыя яўрэі)» патрапіла ў Траццякоўскую галерэю.
ВМАТЭМАЙ Ева скончыла ў 1925 годзе са званнем мастака 1-й ступені, удзельнічала ў выстаўках таварыства «Маскоўскія жывапісцы» і ў 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўцы.

«Масква-рака», Ева Левіна-Разенгольц, 1930-е. Калаж: Times.by
Адбываюцца змены ў асабістым жыцці. Памірае бацька, Ева выходзіць замуж за студэнта геаграфічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, пачынаючага пісьменніка Барыса Левіна.
З Левіным, які таксама нарадзіўся на Віцебшчыне, у вёсцы Загарадна Лёзненскага раёна, мастачка пражыве восем гадоў. У 1929 годзе народзіцца іх дачка Ева Барысаўна Левіна, будучы геолаг, географ і мастацтвазнаўца.

Ева Разенгольц з мужам і дачкой. Фота адноўлена Times.by з дапамогай AI
У 1926 годзе Ева Разенгольц ажыццяўляе паездку ў Еўропу. Наведвае Францыю і Англію. Судакранання з якім мастацтвам шукала ў Францыі Ева Разенгольц? Магчыма, яна сустракалася і з іншымі знаёмымі яшчэ з віцебскага перыяду жыцця мастакамі?

«Трубы і дахі днём», Ева Левіна-Разенгольц, 1931. Прыватная калекцыя.
У Маскве ўдзельнічае ў выстаўках таварыства «Рост» – маладзёжнага мастацкага аб’яднання, у 1929 годзе паступае на вышэйшыя педагагічныя курсы пры ВМАТЭІНе.
З 1932 года Ева Паўлаўна працавала мастаком па роспісе тканіны на Дарагамілаўскай фабрыцы. З 1934 года займала пасаду старшага кансультанта па афармленні тканіны пры Наркамаце лёгкай прамысловасці.

«Кухарка», 1927 год, Ева Левіна-Разенгольц. Гісторыка-архітэктурны і мастацкі музей

«Двайны партрэт», Ева Левіна-Разенгольц, 1929–1930. Масква, Галееў-Галерэя
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны разам з дачкою – у эвакуацыі ў Чыстопалі ў Татарстане. Невялікі гарадок на беразе Камы, за 134 км ад Казані, даў прытулак тысячам выгнаннікаў. У 1942 годзе Ева Паўлаўна вяртаецца ў Маскву. А ў 1949 годзе мастачка арыштавана і асуджана на 10 гадоў пазбаўлення волі.

Ева Левіна-Разенгольц, Караганда, 1950-е. Фота: Бессмертный барак
Дарэчы, перад арыштам яна пераехала ў Віцебск і працавала ў родным горадзе стаматолагам. Але і адтуль яе вырвалі і пагналі дарогай выпрабаванняў… Жыла ў Краснадарскім краі. Працавала на лесапавале, маляром (лічы, па спецыяльнасці!), санітаркай, медсястрою. У 1954–1956 гады – у Карагандзе. Працавала мастаком-дэкаратарам Казахскага драматычнага тэатра.
У Казахстане нараджаюцца новыя працы Евы Левінай-Разенгольц. І пасля, вярнуўшыся ў Маскву, яна сама пачынае як мастак нараджацца наноў.

«Людзі» («Рэмбрандтаўская серыя»), Ева Левіна-Разенгольц, 1950-е. Калаж: Times.by
Міхаіл Алпатаў – адзін з самых аўтарытэтных мастацтвазнаўцаў другой паловы XX стагодзя, аўтар трохтомнай «Усеагульнай гісторыі мастацтваў». Яго мастацтвазнаўчыя кнігі перакладзены на 17 моў народаў свету, і яго меркаванню можна смела давяраць. Вось што ён пісаў пра Еву Разенгольц.
Міхаіл Алпатаў

«Аблокi» (з цыкла «Неба»), Ева Левіна-Разенгольц, 1961. Дзяржаўная Траццякоўская галерэя
Пошукі мастачкі прадыктаваў яе пакутлівы лёс, які яна прайшла годна, не зламалася і вынесла са сваіх самых цяжкіх гадоў сваё ўласнае светабачанне. Таму і зараз яе працы з цыклаў «Дрэвы», «Балоты», «Людзі» («Рэмбрандтаўская серыя»), «Неба», «Фрэскі», «Замаскварэчча» радуюць, абуджаюць свядомасць гледача.

«Людзі» («Рэмбрандтаўская серыя»), Ева Левіна-Разенгольц, 1958. Дзяржаўная Траццякоўская галерэя
Карціны, малюнкі нашай зямлячкі з Віцебска захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі выяўленчых мастацтваў імя А.С. Пушкіна і ў калекцыі Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, а большасцю – у прыватных зборах калекцыянераў Расіі і іншых краін свету. Таксама асобныя працы Е. Разенгольц знаходзяцца ў Дзяржаўным музеі мастацтваў Рэспублікі Каракалпакстан імя І. Савіцкага (Нукус, Узбекістан), у музеі «Новы Іерусалім» у горадзе Істра Маскоўскай вобласці, у Музеі арганічнай культуры ў Каломне Маскоўскай вобласці, Музеі рускага мастацтва (Мінеапаліс, штат Мінесота, ЗША), Яраслаўскім мастацкім музеі.

«Людзі» («Рэмбрандтаўская серыя»), Ева Левіна-Разенгольц, 1960. Дзяржаўная Траццякоўская галерэя
Ева Паўлаўна Левіна-Разенгольц памерла 18 жніўня 1975 года ў Маскве. Пахавана на Вастракоўскіх могілках, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна Трапарова – Нікуліна.
Будзеце ў Маскве – завітайце на вуліцу Азёрная, 47. Могілкі ўжо закрытыя. Можна спакойна пагуляць, угледзецца ў дагледжаныя і забытыя месцы апошняга спачыну многіх знакамітасцяў. Знойдзеце магілу Евы Паўлаўны – пакладзіце кветкі і нізка пакланіцеся. Зробленае ёю ў мастацтве, перажытае ёю заслугоўвае глыбокай пашаны.

З цыкла «Дрэвы», Ева Левіна-Разенгольц, 1956. Дзяржаўная Траццякоўская галерэя
А памяць пра Еву Левіну-Разенгольц варта ўшанаваць дома. У Беларусі, у Віцебску – чаму б, напрыклад, не наданнем яе імя адной са школ мастацтваў горада?
Добра было б і выстаўку Евы Левінай-Разенгольц правесці ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі – якраз да 130-годдзя з дня нараджэння мастачкі. Гэта была б сапраўды інтэрнацыянальная выстаўка, бо працы давядзецца збіраць з розных куточкаў постсавецкай прасторы.

