Таямніцы, стагадовыя помнікі і чалавечыя лёсы: экскурсiя па мiнскай Кальварыi

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Гэтыя могілкі старэйшыя за многія вуліцы Мінска, але пра іх гiсторыю мала хто ведае. Times.by распавядае пра незвычайныя пахаванні, асаблівасці каталіцкіх помнікаў і чаму некропалю патрэбна дапамога.
Дадаць у асноўныякрыніцы Google
Кальварыйскія могілкі можна параўнаць з музеем пад адкрытым небам – тут пахавана больш за 30 тысяч мінчукоў, сярод якiх знакамiтыя дзеячы культуры, людзі з цікавымі лёсамі. А яшчэ Кальварыя знакаміта сваёй атмасфернай неагатычнай забудовай – касцёлам Узвышэння Святога Крыжа, брамай і капліцамі.
У дзень, калi каталiцкая царква адзначае Свята Узвышэння Святога Крыжа, Times.by прапануе экскурсiю па адных з самых прыгожых і таямнічых могілак Мінска з экскурсаводам і гісторыкам Кацярынай Захаравай.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Самыя старыя могілкі ў Мінску
Кальварыйскія могілкі размешчаны на тэрыторыі 14 гектараў і створаны ў форме пяцікутніка. Дакладных дат першага пахавання не засталося, але мяркуюць, што гэта было ў 1750-я гады.
Лічыцца, што зямля, на якой размешчаны Кальварыйскія могілкі, была прыватнай. Хутчэй за ўсё, яна належала роду Ваньковічаў – знакамітых землеўласнікаў Міншчыны.
«Гэту тэрыторыю яны аддалі гарадской думе пад пахаванні манахаў. Акрамя таго, тут можна знайсці надмагіллі шмат якіх знакамітых сем’яў: ад Панятоўскіх, Пшаздзецкіх і Чачотаў да Пішчалаў і нават Радзівілаў», – пералічвае экскурсавод і гісторык Кацярына Захарава.
Увогуле Кальварыя з латыні перакладаецца як «чэрап» ці «Галгофа» – месца пахавання Ісуса. Менавіта таму сюды часта прыходзілі хворыя, абяздоленыя людзі і кленчылі на 14 стацыях (крыжовы шлях Ісуса).

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
«Самая старая Кальварыя ў рамках беларускай гісторыі знаходзіцца ў Вільні, таксама ёсць Кальварыя ў Мядзелі і вось у Мінску. А што датычыцца самага старога пахавання, якое можна знайсці тут, – гэта сёстры Тэфілія і Юзэфа Амульскія, якія былі пахаваны ў 1808 годзе. Яны жылі разам і не стварылі сем’і, таму і пахаваны побач», – звяртае ўвагу суразмоўніца.
Спачатку на Кальварыі былі толькі каталіцкія магілы, аднак пасля паўстання 1830–1831 гадоў тут дазволілі хаваць праваслаўных. Пазней тут з’явіліся магілы пратэстантаў, мусульман і яўрэяў.
Многія кажуць, што Кальварыйскія могілкі былі мяжой горада, але гэта не так, тлумачыць гісторык. Беларускі этнограф Уладзіслаў Сыракомля ў XIX стагоддзі пісаў, што «ездзіў з Мінска за тры вярсты, каб паглядзець на арыстакратычны некропаль Мінска». То бок ад Кальварыі да Мінска было тры кіламетры адлегласці.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
У савецкія часы Кальварыйскія могілкі прыйшлі ў заняпад: пахаванні тут былі забароненыя, надмагіллі руйнаваліся, крыжы зразалі. Улады не шанавалі шляхецкія саслоўі і буржуазію, таму захоўваць памяць пра гэтых людзей не лічылі вартым. Затое на Кальварыі ствараліся брацкія магілы забітых салдат падчас Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.
Аднак, як распавядае гісторык, найвялікшая бяда на Кальварыйскіх могілках здарылася ў 1996 годзе – на Дзяды тут было знішчана больш за 50 помнікаў.
Уваходная брама – помнік жонцы
Брама Кальварыйскіх могілак лічыцца адным з найстарэйшых помнікаў, якія тут захаваліся. Яна была пабудавана ў 1830 годзе ў стылі класіцызму (ампіру).
Пабудова мае пахавальную сімволіку. З аднаго боку на ёй высечаны чэрап, косці, рыдлёўка і труна. З іншага – урна і перавернутыя паходні, дзе загашаны агонь сімвалізуе сканчэнне жыцця.
«Брама была замоўлена ўладальнікам першага прыватнага музея ў Мінску Юзафам Кабылінскім у якасці надмагілля для сваёй жонкі. Шчасце, што помнік захаваўся да нашага часу», – падкрэслівае экскурсавод.
На пабудове ёсць надпіс на польскай мове, а сам аб’ект з 2001 года быў прызнаны гістарычнай каштоўнасцю першай катэгорыі.
Касцёл, які выратавала Алімпіяда
Самая адметная пабудова на Кальварыйскіх могілках – гэта касцёл Узвышэння Святога Крыжа, які быў створаны на прыватныя сродкі роду Абуховічаў.
«Раней тут стаяў драўляны касцёл, а гэты з’явіўся ў 1839–1841 гадах у модным для таго часу стылі неаготыкі. Ён з’яўляецца аднанефнай базылікай – выцягнуты, прамавугольны, але зверху выглядае быццам бы як лацінскі крыж. Ад готыкі тут выцягнутыя вокны і дзверы, акно-люкарна і чырвоныя нішы», – расказвае Кацярына.
Над уваходам ёсць надпіс на латыні «Мір табе». Лічыцца, што крыж касцёла быў прынесены з дамініканскага касцёла Фамы Аквінскага, які стаяў на месцы Палаца Рэспублікі да сярэдзіны ХХ стагоддзя.
«Дарэчы, гэта быў адзіны касцёл, які працаваў у савецкія часы. У 1980 годзе ў СССР праходзіла Алімпіяда. Да нас з’язджаліся людзі розных канфесій, у тым ліку і католікі. Менавіта для іх і адкрылі касцёл Узвышэння Святога Крыжа», – удакладняе суразмоўніца.
Як старажытныя капліцы сталі складамі для інвентару
Самыя багатыя сем’і на Кальварыйскіх могілках хавалі ў капліцах. Спачатку такіх пабудоў тут было больш за 30, але да нашага часу ў адносна добрым стане засталося шэсць.
«На адной з капліц нават захавалася мемарыяльная дошка – будынак належаў Віткевічам. На дошцы ёсць выява пальмавай галінкі як сімвала сувязі веры і вечнасці душы. Сама капліца пабудавана ў неагатычным стылі з вострымі выцягнутымі вокнамі і завостранымі контрфорсамі», – звяртае ўвагу экскурсавод.
На гэты момант капліцы выкарыстоўваюцца як сховішчы для інвентару працаўнікоў, якія прыбіраюць і даглядаюць Кальварыйскія могілкі. Адна з капліц увогуле стала сховішчам для дроў, а агароджу з гэтага месца зрабілі веснічкамі.
Што расказваюць помнікі: асаблівасці надмагілляў і эпітафій
Самым пачэсным месцам для захавання лічылася цэнтральная алея, касцёл і месцы вакол яго.
Часта на помніках малявалі стужку часу з кропачкай. «У адным з варыянтаў лічыцца, што гэта дата смерці. У іншым стужка – гэта агульнагістарычныя падзеі, а кропка – гэта наша жыццё», – адзначае экскурсавод.
У католікаў на помніках была абрэвіятура SP – «Святая памяць», а ў праваслаўных ЗП – «Здесь покоится».
Яшчэ з цікавостак: беларусы ў XIX – пачатку XX стагоддзя часта рабілі помнікі ў выглядзе дрэва (дэндральныя). Раней яны сімвалізавалі пахаванне апошняга прадстаўніка роду.
На надмагіллях лекараў і святароў часта можна ўбачыць тэматычныя гравіроўкі і згадкі пра прафесiю, якая карысталася вялікай пашанай.
Дарагія помнікі з рэдкага каменя
Як адзначае Кацярына, наяўнасць фотаздымка, памеры і матэрыял помніка сведчылі пра тое, наколькі заможны чалавек быў тут пахаваны.
«Напрыклад, гэты велічэзны помнік быў зроблены з лабрадарыту – ён вельмі прыгожа іграе колерамі. Гэты камень не беларускі, яго прывозілі з Карпат. А яшчэ ёсць ніша пад фотаздымак, які недзе згубіўся. У пачатку XX стагоддзя такое маглі дазволіць сабе толькі адзінкі», – падкрэслівае суразмоўніца.
Дарэчы, унізе помніка захаваўся подпіс і нават адрас майстэрні аўтара – каменячос Ігнацый Мяхедка-Савіцкі з Мінска, вуліца Старажоўская. У той час такі надпіс быў своеасаблівай рэкламай.
«Ён быў вельмі папулярным каменячосам, яго працы сустракаюцца па ўсёй Беларусі. Нават захаваліся фотаздымкі, дзе Мяхедка ўсталёўвае помнік у Івацэвіцкім раёне», – дзеліцца Кацярына.
Таксама майстры маглі рабіць надпісы на помніках сваім фірмовым шрыфтам, каб вылучацца на фоне іншых каменячосаў. Так, адзін з помнікаў сям’і Ягердаў зрабіў Г. Жыдок з Варшавы – яго працы ёсць на шматлікіх некропалях Еўропы.
Пахаванні мастакоў і пісьменнікаў
Як распавядае суразмоўніца, у крыпце касцёла быў пахаваны мастак Ян Дамель – вядомы аўтар карціны «Маленне аб чашы» (цяпер яна знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі).
«Ён быў сасланы ў Сібір па абвінавачванні ў падробцы асігнацый. Да нашых дзён пахаванне мастака не захавалася», – распавядае Кацярына.
Калі будзеце на Кальварыі, абавязкова знайдзіце магілу Яна Чачота – знакамітага збіральніка беларускага фальклору, этнографа і паэта.
Можна падысці да помніка Івана Навуменкі – выдатнага беларускага аўтара ваеннай прозы, даследчыка гісторыi беларускай літаратуры. Ён памёр у 2006 годзе і быў падхаваны да сваёй жонкі.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Тут на Кальварыі ляжыць паэт-дэмакрат Янка Лучына (сапраўднае прозвішча Неслухоўскі). Свае вершы ён пісаў на польскай, рускай і беларускай мовах, змагаўся за роўнасць людзей, свабоду і творчасць. Побач з Лучынам пахаваны яго матуля, бацька і сястра.
У 2016 годзе на Кальварыі быў пахаваны народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч – аўтар кніг, вершаў і паэм, а таксама заснавальнiк «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны».
Праведнікi, дысідэнты, даследчыкi
Кацярына звярнула ўвагу на помнiк беларускаму дзеячу Вацлаву Іваноўскаму. Ён быў адным з сузаснавальнікаў суполкi «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе друкаваліся першыя творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі і іншых.
«Да таго ж ён быў бурмістрам Мінска ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Партызаны з падпольшчыкамі зладзілі замах на яго ў раёне царквы Пятра і Паўла. Займаючы такую пасаду, ён дапамагаў ратаваць яўрэйскіх дзяцей і быў прызнаны праведнікам народаў свету. Крыж і помнік на яго магіле пастаўлены ўвогуле толькі ў 1990-я», – адзначае экскурсавод.
Недалёка ад касцёла можна пабачыць бюст ксяндза Сікайлы. У свой час ён ратаваў людзей і трымаўся за веру, але памёр у маладым узросце – яму было 32 гады.
«Дарэчы, ёсць гарадская легенда наконт гэтага бюста. Людзі кажуць: калі націснуць на вочы ксяндза, то адчыніцца падземны ход у касцёл», – дадае суразмоўніца.
Можна знайсці на Кальварыі і магілу супернезвычайнай асобы – дысідэнта, філосафа і публіцыста Кіма Хадзеева.
«Хлопец быў не па гадах разумны: скончыў школу ў 15 і паступіў у БДУ, а на трэцім курсе ўжо пісаў дыплом», – распавядае Кацярына.
Па абвінавачванні ў антысавецкіх выказваннях быў выключаны, а пасля арыштаваны – яго адправілі ў псіхіятрычную лякарню. Пасля смерці Сталіна яго рэабілітавалі. На жыццё ён зарабляў напісаннем кандыдацкіх, доктарскіх дысертацый па розных дысцыплінах. У 1990-я Хадзееў нават прапаноўваў уладам праграму рэформ выхаду з эканамічнага крызісу.
Яго магіла сціплая, без дат жыцця і фотаздымкаў, хаця памёр ён у 2001 годзе.
Ёсць на Кальварыі і прадстаўнікі роду Горватаў, палац якіх знаходзіцца ў Нароўлі на рэканструкцыі.
«Нядаўна выйшла кніга «Дом» пісьменніка Андрэя Горвата, у якой якраз ёсць фотаздымак з вяселля пахаванай на Кальварыі Габрыэлы», – падкрэслівае экскурсавод.
Варта ўвагі і магіла Генадзя Кісялёва – даследчыка паўстання Кастуся Каліноўскага, які даваў шмат архіўных звестак пісьменніку Уладзіміру Караткевічу падчас працы над творам «Каласы пад сярпом тваім».
Трагічныя лёсы
На могілках ёсць скульптура ў выглядзе нераскрытага бутона, якая прысвечана ахвярам на Нямізе. Там жа размешчана мемарыяльная дошка з імёнамі шасці чалавек, якія тут пахаваны. «Усе яны падпісаны як «Насценька», «Машанька». Гэта адсылка да таго, што ўсё яны былі вельмі маладымі», – дадае Кацярына.
Так, напрыклад, Машы Іньковай было ўсяго 15 гадоў. Яна толькі што скончыла 9-ы клас школы і святкавала гэта на фестывалі. Бацька-скульптар стварыў яе помнік у вясельнай сукенцы, бо, калі дзяўчына памерла маладой і не выйшла замуж, то яе хаваюць як нявесту.
«Дарэчы, раней быў такі звычай – рабіць фотаздымкі з пахавальных рытуалаў, калі нябожчыка фатаграфавалі з сям’ёй перад пахаваннем. Вось менавіта тут так і адбылося – Машу разам з сям’ёй сфатаграфавалі апошні раз», – падкрэслівае суразмоўніца.
Таксама на Кальварыі ёсць два пахаванні беларускіх хакеістаў з яраслаўскай каманды «Лакаматыў», якая разбілася ў 2011 годзе. Тады з усяго самалёта выжыў толькі адзін бортінжынер, а памерла больш за 40 чалавек.
«Адзін з пахаваных тут – Крываносаў Мікалай Іванавіч. Ён мінчанін, выступаў за нашы клубы, пасля працаваў у Маскве, і яго запрасілі ў якасці члена трэнерскага штаба «Лакаматыва». Хакеіст паспеў адпрацаваць толькі месяц. Яму быў 31 год, і ў яго засталася дачка», – распавядае Кацярына.
Хакеіст Сяргей Астапчук загінуў зусім маладым, у 21 год. Некаторы час ён іграў у Канадзе, быў у камандзе наваполацкага «Хіміка», а потым у яраслаўскім «Лакаматыве». Перад смерцю хлопец зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне Эвеліне – яны сустракаліся з 15 гадоў.
«Яны хацелі ажаніцца, выбіралі сукенку і касцюм, але вось так трагічна абарвалася жыццё», – адзначае экскурсавод.
Стан могілак і догляд
Не так даўно касцёл на Кальварыйскіх могілках пачалі рэканструяваць – у яго сценах зрабілі адтуліны, з дапамогай якіх правяраюць якасць кладкі. Хутка пачнецца і рэстаўрацыя брамы.
Аднак самі Кальварыйскія могілкі знаходзяцца не ў лепшым стане, бо цалкам яны не адносяцца да гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Частку пахаванняў, канешне, даглядаюць, але ёсць шмат надмагілляў, якія зараслі бур’янам і разбурыліся. Асабліва гэта датычыцца пахаванняў 1960–1970-х гадоў.
«Я вось хачу сабраць талаку і прыйсці на Кальварыю, каб прыбраць найбольш зарослыя і старыя магілы. Інвентар нават прапануюць на месцы. Адміністрацыя таксама не супраць. Тут нам патрэбна дапамога», – заклікае Кацярына.






























































