Фізкульт-халява: у Мінску ўсё лета можна бясплатна хадзіць на фітнес

Станіслаў Лабаты
Абноўлена:
Фото: Павел Орловский, Times.by

Фото: Павел Орловский, Times.by

Не хочацца ісці ў зал, але ёсць жаданне нарэшце ўстаць з канапы і прывесці сябе ў форму? Выйсце ёсць: усё лета і пачатак восені ў сталіцы будуць праходзіць лёгкія трэніроўкі для ўсіх жадаючых. І самае прыемнае ў тым, што яны бясплатныя.

Праект «Спорт для ўсіх» вярнуўся ў Мінск і сабраў мінулым пятнічным вечарам сотні мінчан каля Нацыянальнай бібліятэкі. Удзельнікі скакалі на батутах пад дыджэйскія хіты, круцілі педалі, танцавалі лаціну і зараджаліся на трэніроўцы па пілатэсе з барабаннымі палачкамі.

Навошта людзі ходзяць на спорт, чым здзівіць другі сезон праекта і які прыз чакае тых, хто не прапусціць ніводнага занятку, – у рэпартажы Times.by.

Задача – выйсці з зоны камфорту

«Спорт для ўсіх» – гэта праект Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і Мінгарвыканкама. Упершыню ён прайшоў у 2025 годзе. Ідэя такая: аб'яднаць у адным месцы трэндавыя актыўнасці і адцягнуць жыхароў сталіцы ад спраў надзённых, запрасіўшы займацца фізкультурай на свежым паветры. І пад наглядам, вядома, кваліфікаваных інструктараў.

Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by

Фото: Павел Орловский, Times.by

1/7

Ініцыятыва настолькі спадабалася многім беларусам, што нават арганізатары не чакалі такога актыўнага водгуку: за першы сезон праведзена 3 тыс. трэніровак, удзел у якіх прынялі каля 20 тыс. чалавек.

«Мінулагодняя статыстыка была сфарміравана ў першую чаргу за кошт вялікай цікавасці жыхароў Беларусі, перш за ўсё мінчан. Усё ж такі Мінск – гэта спартыўная сталіца», – кажа памочнік старшыні Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Павел Ягораў.

Помощник председателя Президентского спортивного клуба Павел Егоров. Фото: Павел Орловский, Times.by

Помощник председателя Президентского спортивного клуба Павел Егоров. Фото: Павел Орловский, Times.by

Паводле яго слоў, першапачаткова арганізатары перажывалі за тое, што ўдзельнікі праекта – у большасці сваёй людзі непадрыхтаваныя. Але хутка ўсвядомілі: у гэтым жа і заключаецца сутнасць новага фізкультурнага руху.

«Задача была – вывесці з зоны камфорту людзей, якія саромеюцца хадзіць у трэнажорную залу, таму што бачылі ў сацыяльных сетках спартыўных і стройных хлопцаў і дзяўчат. Літаральна за тры месяцы тут на праекце гэтыя хваляванні былі зведзены на нішто», – сцвярджае суразмоўца.

Яшчэ больш актыўнасцей

Кожны сезон праекта ўнікальны. У мінулым годзе было пяць трэніровачных лакацый – у гэтым годзе іх шэсць. У мінулым годзе было тры месяцы актыўнасцей – у гэтым годзе чатыры.

Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by

Фото: Павел Орловский, Times.by

1/11

Акрамя таго, у гэты раз спартыўная праграма стала больш насычанай: штогадзінна на кожнай лакацыі будуць праводзіць ад двух да пяці заняткаў у адрозненне ад двух фітнес-урокаў у мінулым годзе.

Эксклюзіўнасці другому сезону надаюць новыя трэндавыя актыўнасці ў духу «ад поўнага рэлаксу» да «сапраўднага экстрыму». Сярод іх – ёга на гамаках, аэрастрэтчынг, табата, сайклінг, стык-рок і барэ. Усе гэтыя незразумелыя словы на справе – эфектыўныя трэнінгі, якія дапамагаюць умацаваць мышцы, палепшыць выгляд, развіць гібкасць і, вядома, пахудзець.

Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by

Фото: Павел Орловский, Times.by

1/10

У гэтым годзе ў Мінску будуць працаваць шэсць такіх пляцовак: у парку 50-годдзя Вялікага Кастрычніка, парку імя Паўлава, скверы каля гасцініцы «Беларусь», пляжы №3 Цнянскага вадасховішча, Яблыневым скверы на вуліцы Каліноўскага і парку Цівалі. Заняткі – кожныя выхадныя з 10 раніцы да 8 вечара. Завершыцца чатырохмесячны спартыўны марафон 27 верасня.

Пакуль праект – выключна сталічны, але ў хуткім часе, магчыма, ён прапішацца і ў рэгіёнах.

«Мы, вядома, марым пра гэта, для нас гэта вельмі сур'ёзная планка. На Мінску мы адпрацоўваем дарожную карту маштабавання праекта на абласныя гарады. На самай справе мы нават яшчэ не ўвесь Мінск ахапілі, працуем толькі ў шасці лакацыях. Але ўсё наперадзе, мы да гэтага імкнёмся», – запэўніў Павел Ягораў.

Не трэба саромецца

Атмасфера на старце новага сезона была, як модна цяпер выказвацца, вайбавая. Лета, сонца, музыка, спорт – для многіх ідэальны вечар пятніцы выглядае менавіта так.

Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by

Фото: Павел Орловский, Times.by

1/10

Той, у каго пасля джампінгу (кардыя на міні-батутах) засталіся сілы, мог паспрабаваць сябе ў іншых актыўнасцях. Пад хіты розных гадоў людзі скакалі, прысядалі, адціскаліся, уставалі, круцілі педалі, зноў скакалі і зноў прысядалі. А група падтрымкі, якая засталася ў баку – у асноўным хлопцы, – уключылі рэжым назірання і як маглі падбадзёрвалі сваіх другіх палавінак, адстукваючы рытм красоўкамі і спрабуючы перасіліць нясмеласць.

Шукаем у натоўпе тых, хто застаўся жывымі пасля энергічнага джампінгу, і задаём банальнае пытанне: па якой прычыне вы тут сёння?

Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by

Фото: Павел Орловский, Times.by

1/6

«З праектам я пазнаёмілася ў мінулым годзе, хадзіла на пілатэс і на праграму «Здаровая спіна». Мне вельмі спадабалася. Потым была паўза. Цяпер вырашыла, што трэба працягваць удзельнічаць у другім сезоне, тым больш гэта бясплатна і на свежым паветры. Больш у мяне не будзе адгаворак, каб сядзець і чыліць дома на канапе, – устаём і займаемся!» – адзначае заматываваная ўдзельніца Кацярына Багдановіч.

Фото: Павел Орловский, Times.by

Фото: Павел Орловский, Times.by

А вось Андрэй апынуўся на спартыўнай пляцоўцы праекта ўпершыню. Кажа, што чатыры гады займаўся джампінгам, таму на батуце адчувае сябе ўпэўнена.

«Джампінг – гэта першае, што я паспрабаваў з групавых заняткаў, акрамя трэнажорнай залы. Можна скакаць мякка, можна больш інтэнсіўна – я стараюся інтэнсіўна. Планую ў розных актыўнасцях сябе паспрабаваць – і сайклінг, і стэп-аэробіка, і што-небудзь яшчэ больш фізічнае. Не заўсёды будзе час на трэніроўкі, таму па выхадных я часта працую. Але буду шукаць выйсце з сітуацыі», – прызнаецца хлопец.

Фото: Павел Орловский, Times.by

Фото: Павел Орловский, Times.by

Алена працуе медсястрой і вельмі любіць танцаваць, таму выбрала зумбу – музычны фітнес пад лацінаамерыканскі рытм.

«Гляджу на розныя іншыя актыўнасці і думаю: зумбай у гэтым сезоне я не абмяжуюся. Усё буду спрабаваць! Сёння прыйшла сюды адна, але ў наступны раз падцягну сяброў», – абяцае яна, а мы ідзём далей.

Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by

Фото: Павел Орловский, Times.by

1/9

Менеджар па поспеху

Адразу пасля джампінгу пачынаецца сайклінг – высокаінтэнсіўная кардыятрэніроўка на роварах, якая імітуе гонку па перасечанай мясцовасці. Смельчакі займаюць свае месцы і праз паўгадзіны пакідаюць трэнажор, ледзь трымаючыся на нагах, – стомленыя, мокрыя, але такія шчаслівыя!

Знаёмімся з Кацяй, у якой дзве работы і вялікае жаданне трэніравацца. Яна – «менеджар па поспеху» (так яна сама кажа) у IT-кампаніі, а яшчэ майстар па кітайскім традыцыйным жывапісе і каліграфіі. Дзяўчына ўпэўнена: нягледзячы на вялікую загрузку, час на спорт знойдзецца – было б жаданне. А яно як раз такі ёсць.

Фото: Павел Орловский, Times.by

Фото: Павел Орловский, Times.by

«Планую хадзіць кожныя выхадныя, агітаваць сяброў і калег. Я вельмі спартыўны чалавек, займаюся фехтаваннем і танцамі – сярэдневяковымі і бачатай. І нават знайду час для ёгі і пілатэсу. Гэта важна для здароўя», – тлумачыць суразмоўніца.

Даём слова фітнес-трэнеру – таксама Каце, – якая працуе на марафоне другі год запар. На свой занятак па джампінгу яна прыехала адразу з ЗАГСа – сёння дзяўчына выйшла замуж.

Фото: Павел Орловский, Times.by

Фото: Павел Орловский, Times.by

«На самай справе дзякуй майму ўжо мужу, які з поўным разуменнем адносіцца да маёй работы, падзяляе маю любоў да спорту, і ён выдатна ведаў, каго бярэ ў жонкі, – з хітрынкай усміхаецца Кацярына. – «Спорт для ўсіх» – гэта заўсёды драйв, заўсёды эмоцыі, гэта класна. Мы бачым, як людзі выкладваюцца на трэніроўках. А значыць, такі праект нам патрэбны».

Проста космас

Як мы ўжо казалі, сёння многія прыйшлі не столькі паўдзельнічаць, колькі паглядзець і маральна падрыхтаваць сябе да будучых подзвігаў. Адна з такіх – касманаўт Анастасія Лянкова. Яна прызналася нам, што хацела б паспрабаваць джампінг, таму што гэта нагадвае ёй падрыхтоўку да палёту на МКС.

Фото: Павел Орловский, Times.by

Фото: Павел Орловский, Times.by

«У прынцыпе я люблю спорт, усяляк стараюся займацца рознымі напрамкамі, таму з задавальненнем у гэтым сезоне паўдзельнічаю ў праекце. Вельмі спадабаўся джампінг! Не ведаю, як людзі цэлую гадзіну скачуць так актыўна. У Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў у нас былі батуты, і мы вучыліся каардынаваць свае дзеянні на іх. Нешта падобнае, але не так актыўна, як тут, вядома», – расказала дзяўчына.

На адкрыццё другога сезона праекта таксама прыехаў піяніст-імправізатар Аляксандр Арловіч. Times.by расказваў пра яго крутую гісторыю. Паводле слоў музыканта, ніякага дачынення да спорту ён не мае і выпрабоўваць сябе ў ролі атлета (няхай і аматара) ён пакуль не хоча – у смокінгу і за фартэпіяна яму куды больш камфортна.

Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by
Фото: Павел Орловский, Times.by

Фото: Павел Орловский, Times.by

1/7

«Сёння буду акампаніраваць чэмпіёнам Беларусі і Еўропы па бальных танцах на калясках. Для мяне гэта новы фармат, і я згадзіўся з задавальненнем паўдзельнічаць. Мне падабаецца, што гэта вайбавы рух, любы прахожы можа нават паўдзельнічаць. Гэта вельмі класна», – кажа Аляксандр.

Сярод удзельнікаў мы сустрэлі яшчэ адну нашу гераіню – «самага спартыўнага бухгалтара Мінска» Таццяну Сакуту. Так дзяўчыну празвалі на праекце: за мінулы сезон яна наведала больш за 200 заняткаў. А ў гэтым плануе яшчэ больш.

Фото: Павел Орловский, Times.by

Фото: Павел Орловский, Times.by

«Мая любімая лакацыя – парк 50-годдзя Кастрычніка. Буду там у асноўным займацца. Потым планую на Нямігу з'ездзіць да гасцініцы «Беларусь», Яблыневы сквер наведаць і, можа быць, Цнянку. Я гатова хадзіць хоць кожныя выхадныя!» – запэўнівае Таццяна.

Прыз – машына

Дарэчы, для самага актыўнага ўдзельніка праекта арганізатары падрыхтавалі прыз – электракар Geely EX2. Каб атрымаць шанц стаць яго ўладальнікам, трэба зарэгістравацца на сайце, прайсці верыфікацыю і пацвердзіць згоду на ўдзел у розыгрышы.

Фото предоставлено Президентским спортивным клубом
Фото предоставлено Президентским спортивным клубом
Фото предоставлено Президентским спортивным клубом

Фото предоставлено Президентским спортивным клубом

1/3

Далей – наведваць трэніроўкі з 6 чэрвеня па 30 жніўня і сабраць 300 балаў. Удзельнічаць у конкурсе могуць не толькі дарослыя, але і дзеці. Розыгрыш адбудзецца 6 верасня.