Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Спецпраект

Некалі ткачоў лічылі чараўнікамі: беларуска стварыла майстэрню і тчэ народныя строі

ЛагатыпАляксандра Сівакова

Нягледзячы на чацвёра дзяцей і нерэальныя аб’ёмы працы, Наталля не перастае жартаваць і рабіць унікальныя ткацкія праекты.

У тэкстыльнай майстэрні «Ярна» творчы беспарадак: ляжаць бабіны ніткі, паясы і кашулі, стаіць шмат кроснаў, а са сцяны за ўсім гэтым назірае партрэт Купалы. Творчую прастору Наталля адчыніла чатыры гады назад. Майстэрню яна лічыць сваёй найвялікшай «аферай». Менавіта тут адбываецца ўвесь «ткацкі цуд» – на свет з’яўляюцца народныя строі, паясы, андаракі, кашулі і іншыя вырабы.

Times.by завітаў у госці да майстаркі, каб пагутарыць пра тое, як з нулём у кішэні стварыць уласную творчую прастору, чаму ткацтва – хобі не для гуманітарыяў і як рамяство на кроснах дапамагае людзям з псіхалагічнымі расстройствамі.

Дзіцячая мара і кіламетры сапсаваных нітак

Наталля з дзяцінства марыла стаць дызайнерам адзення, у той жа час у яе з’явілася і любоў да тэкстылю. Дзяўчыне заўсёды было цікава займацца вязаннем, вышыўкай і шыццём. Аднак адукацыю прыйшлося атрымаць іншую – адвучыцца на філолага, а затым рэжысёра.

«Я вельмі шмат малявала ў дзяцінстве рознае адзенне, але ў наш час гэта не лічылася сур’ёзнай працай. Да таго ж спявала ў фальклорным калектыве ў школе і праз гэта таксама пачала цікавіцца традыцыйнай культурай», – распавядае гаспадыня майстэрні «Ярна».

Паралельна з іншымі справамі займалася тэкстылем. Настаўнікаў у яе не было, і да ўсяго прыходзілася даходзіць самастойна, асабліва што тычыцца пашыву касцюмаў.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

«Пасля знаёмства са студэнцкім этнаграфічным таварыствам у мяне з’явіліся новыя сябры. Было шмат літаратуры і экспедыцый у музеі. Увогуле ўпершыню я навучылася ткаць на кроснах у аўтэнтычных майстрых са Старых Дарог», – узгадвае Наталля.

Далей пачаліся ўласныя эксперыменты: кіламетры сапсаваных нітак, многае не атрымлівалася, але нешта ўсё ж такі наладжвалася.

«Шмат чаго ўзяла ад Яўгена Маркевіча – легендарнага ткача з Ліды, які пераняў вопыт і тэхнікі ад сваіх бабуль. З цягам часу ў нас склалася свая «тусоўка ткачоў», і неяк так я ў справе ўжо больш за 20 гадоў», – падкрэслівае гаспадыня майстэрні «Ярна».

Стварэнне ўласнай майстэрні

Любы майстар марыць пра тое, каб мець сваю ўласную майстэрню, і Наталля – не выключэнне. Акрамя таго, у яе чацвёра дзяцей і працаваць дома фул-тайм становіцца немагчыма.

«Звычайна жаночае рукадзелле адбываецца ў хаце – паміж баршчом, дзецьмі, паходамі на працу і іншымі абавязкамі. А мае дзеці звычайна рэжуць бабіны з ніткамі нажніцамі альбо нешта робяць з тканінамі. Я пакутавала так гадоў 15, пакуль не вырашыла, што трэба зняць майстэрню», – адзначае суразмоўніца.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Для старту бізнесу ёй быў патрэбны капітал, але яго ў «сярэднестатыстычнага міленіяла з гуманітарнай адукацыяй» не было.

Майстарка нават удзельнічала ў конкурсе стартапаў, каб атрымаць грант на памяшканне, аднак не прайшла ў фінал. У рэшце рэшт яна «псіханула і пайшла шукаць памяшканне».

«Падумала: трэба ўвязацца, а там разбяромся. Вось, увязалася – і чатыры гады разбіраюся. Заўсёды на грані фолу, але пакуль я тут, значыць, выплываем», – жартуе гаспадыня майстэрні «Ярна».

Дарагое хобі не для гуманітарыяў

Працоўны тыдзень Наталлі выглядае даволі насычана. Раніцай яна займаецца сваімі замовамі і ўласнымі праектамі. У абедзенны час забірае дзяцей са школы і разбіраецца з хатнімі справамі, а ўвечары ў майстэрні пачынаюцца заняткі па ткацтве і народным строі.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

З кожным новым чалавекам майстарка працуе амаль індывідуальна. Усяго да яе ходзіць каля 20 ткачоў – адначасова па 4–6 чалавек. Калі прыходзіць больш – «пачынаецца вэрхал».

Суразмоўніца ўпэўнена, што ткацтва – гэта дарагое хобі і ўвогуле не для ўсіх. Каб займацца гэтым рамяством, трэба мець пэўныя асаблівасці характару. Асабліва гэты занятак, паводле яе назіранняў, зазямляе халерыкаў і СДУГшнікаў (сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. – Times.by) – для іх гэта своеасаблівая псіхатэрапія.

«Я жартую, што ў ткачоў ёсць дзве рысы: ганарыстасць і пакорлівасць. Каб расці ў справе, павінны быць амбіцыі і жаданне брацца за складанае і мутарнае. Офісныя працаўнікі часта параўноўваюць ткацтва з фітнэсам, бо гэта нават фізічна цяжка», – акцэнтуе ўвагу гаспадыня майстэрні «Ярна».

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

1/6

Ёсць і іншая праблема. Часам некаторыя вучні не гатовыя да таго, што ў ткацтве вельмі шмат матэматыкі, патрэбна прасторавае мысленне і разуменне, што такое схема.

«Напрыклад, прыходзяць гуманітарыі, а ты кажаш: «Сядай, пралічы схему». У гэтай справе, калі не ўключыў мазгі, выніку не будзе. У сярэднявеччы ткачоў увогуле лічылі трохі чараўнікамі, бо звычайны чалавек не мог усяго гэтага зразумець», – звяртае ўвагу майстарка.

«Зрабіць якую-небудзь штучку за 2–3 гадзіны – немагчыма»

Час ад часу гаспадыня майстэрні «Ярна» праводзіць майстар-класы. Напрыклад, на карпаратывах людзі робяць невялічкі дыванок: кожны ўдзельнік тчэ на кроснах палосачку свайго колеру, а пасля майстарка збірае іх у адзін выраб. Людзям такі фармат падабаецца.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Ткачыха лічыць, што «зрабіць якую-небудзь штучку за 2–3 гадзіны» – практычна немагчыма, і ставіцца да такога трохі з пагардай. Але тут жа ўзгадвае: калісьці прыдумала лёгкі майстар-клас для дзяцей па ткацтву каляднай ялінкі, які вельмі спадабаўся яе дарослым вучаніцам.

«Гэта так смешна і па-дурацку, але маім дзяўчатам зайшло. Гэта такая порцыя дафаміну – выткаць маленькую крывульку без практычнай карысці, але пакайфаваць у працэсе», – усміхаецца майстарка.

Кросны па кошце аўтамабіля

Як кажа Наталля, знайсці кросны ў Беларусі – гэта адвечны боль. Старыя аўтэнтычныя кросны можна набыць у розных вёсках Заходняй Беларусі, аднак гарантыі, што яны будуць нармальна працаваць, няма. Усё ж такі дрэва дэфармуецца, старэе, і яго трэба пастаянна рамантаваць.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

1/6

«Новыя кросны ў Беларусі робяць, але яны невялічкія, іх функцыянал абмежаваны. Для гарадской кватэры нядрэнны варыянт, але ж і каштуюць яны нямала. За мяжой ёсць нават камп’ютарызаваныя кросны, але іх кошт параўнальны з невялікім аўтамабілем», – падкрэслівае гаспадыня майстэрні «Ярна».

Да таго ж традыцыйныя кросны на цяперашні сярэдні жаночы рост малыя, за імі нязручна сядзець, а вось за сучаснымі – менш баліць спіна і менш стамляюцца ногі.

Ткацтва андаракоў – асобны сусвет

Ткацтвам народных касцюмаў Наталля займаецца ўжо больш за дваццаць год. Раз на год набірае гурток. На занятках дзяўчыны разбіраюць тэхнікі вышыўкі і ткуць вырабы з гатовых тканін, а вось са спадніцамі не ўсё так проста.

060A9423.jpg
Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

«Калі раней можна было набыць суконную тканіну, якая больш-менш эстэтычна падыходзіць для выраба андарака, то зараз такога матэрыяла няма ўвогуле. І акрамя таго, каб рэканструяваць тканіну самастойна, іншых варыянтаў не застаецца», – разводзіць яна рукамі.

Канцэптуальна традыцыйны андарак заўсёды аднолькавы: просты крой, нейкае маршчэнне альбо складкі на поясе. Аднак менавіта спадніца складае візуальную палову жаночай постаці і строю.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

«Андаракі – гэта асобны сусвет, бо яны адрозніваюцца па рэгіёнах, тэхніках, колерах і матэрыялах. Напрыклад, я доўга калупалася з калінкавіцкай спадніцай. Усё думала, што там за перапляценне. У рэшцэ рэшт здагадалася, і ў мяне атрымалася – гэта вельмі класнае адчуванне», – дзеліцца майстарка.

Навошта людзям народныя строі?

Паводле слоў Наталлі, народныя строі замаўляюць людзі, якія хочуць далучыцца да культуры. Нехта ходзіць на танцы, нехта спявае, а хтосьці замаўляе для свят.

«У мяне была вучаніца, якая выйшла замуж за нарвежца. Аказваецца, там у кожнага чалавека павінен быць нацыянальны строй, і вось яна задумалася: «А чаму ў мяне няма?». У рэшце рэшт яна пашыла сабе касцюм, а я ёй выткала пояс», – распавядае майстарка.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Некаторыя замаўляюць вясельныя строі. Якраз нядаўна Наталля шыла такі.

«Там была аўтэнтычная тканіна прабабулі жаніха: вузкая, тонкая, моцна ўбітая. Я зламала некалькі іголак, пакалола пальцы, але ўсё атрымалася. Калі параўноўваць з коштамі на класічныя вясельня сукенкі, то гэта прыкладна «сярэдні клас», – удакладняе суразмоўніца.

Увогуле зараз на вышыўку майстарка бярэ толькі эксклюзіўныя, асабліва складаныя праекты альбо тое, чаго яшчэ не рабіла. Браніраваць альбо замаўляць вырабы можна ў яе сацсетках, але Наталля падкрэслівае: прыйдзецца пачакаць, бо працэс не хуткі.

Цяжкасці і выгаранне

Наталля прызнаецца, што часам у яе бываюць моманты, калі апускаюцца рукі і здаецца, што больш не хочацца ўсім гэтым займацца.

«Крызісы здараюцца. Памятаю момант, калі ў мяне нарадзілася чацвёртае дзіця і скончыўся дэкрэт. Тады я падумала: «Можам не выжыць». У мяне фул-тайм ткацтва, запаўненне дэкларацый, камунікацыя з кліентамі і шмат іншых спраў. Аднак я гэта ўсё люблю. Гэта мая місія, і я стараюся яе трошку манетызаваць», – адзначае гаспадыня майстэрні «Ярна».

Пры гэтым майстарка ўпэўнена, што ў традыцыйнага ткацтва ёсць будучыня. Асабліва гэтаму дапамагае піяр і статус гісторыка-культурных каштоўнасцей у дачыненні да неглюбскага і ганцавіцкага ткацтва.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

«Гэта нармальнае хобі, асабліва ў Скандынавіі, а ў нас яно чамусьці спынілася на нейкім дзіўным узроўні. Ткацтва – вельмі творчае, інтэлектуальнае, прыгожае і нацыянальнае рамяство», – лічыць Наталля.

Адна з праблем традыцыйнага ткацтва – гэта адсутнасць літаратуры.

«Мы тусуемся, мяняемся ведамі. Хацелася б выдаць паўнавартасныя падручнікі – у мяне ўжо шмат ідэй, але пакуль няма часу і інвестараў. Да ўсяго можна дайсці самастойна, але пытанне, якой крывёю. У мяне яе было шмат, таму я стараюся эканоміць людзям час», – падкрэслівае майстарка.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

1/5

Паводле меркавання суразмоўніцы, ткацтва трэба інтэграваць у моду. «Нам не хапае стылю – бо ў нас альбо ткацтва, альбо этнаграфія, альбо дызайн, а трэба ўсё разам. Я працую, у мяне мільён праектаў у галаве. Спадзяюся, што адзін з іх праз некалькі месяцаў увасобіцца, але зараз гэта сакрэт», – з усмешкай адзначае гаспадыня майстэрні «Ярна».