
Працавалі не дзеля льгот: ветэран энергетыкі аб падзеях 1986-га
Вясна і лета 1986-га далі ні з чым не параўнальную загартоўку беларускай энергетыцы, навучылі працаваць у самых неардынарных умовах. Гісторыя былога дырэктара Рэчыцкага прадпрыемства электрасетак Аляксандра Петуха – яркае таму пацверджанне.
Чарнобыль не выключыў святло ў Беларусі. Там, дзе іншыя бачылі толькі радыяцыю і падставу для панікі, энергетыкі бачылі лінію, якую трэба было пракласці без аглядкі на сціслыя тэрміны і недахоп абсталявання. Нярэдка падстанцыі вырасталі ў чыстым полі, на маршрутах эвакуацыі.

Выпрабаванне для маладога кіраўніка
У красавіку 1986-га Аляксандр Пятух узначальваў Акцябрскі раён электрасетак і рыхтаваўся да павышэння. Пытанне аб яго пераводзе на пасаду дырэктара Рэчыцкага ПЭС ужо было ўзгоднена на ўсіх узроўнях. Прадпрыемства спецыфічнае: у зоне яго адказнасці акрамя Рэчыцкага раёна яшчэ Акцябрскі, Лоеўскі, Светлагорскі, Брагінскі і Хойніцкі. У апошнім з манцёрскага пункта «Дронькі» атамную станцыю было відаць як на далоні.
«Пра сам дзень аварыі нічога асаблівага не памятаю – гэта была звычайная цякучка, ніхто нічога не ведаў. Першыя чуткі папаўзлі бліжэй да 1 мая. Ды і як ім было не папаўзці, калі за лічаныя дні ў Брагінскім, Нараўлянскім і Хойніцкім раёнах з наседжаных месц зняліся амаль 90 вёсак, а гэта 24 тысячы чалавек», – успамінае першыя дні пасля аварыі Аляксандр Пятух.
Знаёмыя перадавалі, што бачылі чарады аўтобусаў і крытых тэнтамі армейскіх грузавікоў. Людзі шапталіся, што ў Чарнобылі здарыўся ці то пажар, ці то выбух. Але афіцыйных паведамленняў яшчэ не было.

Февраль 1979 года. Машинный зал первой очереди Чернобыльской атомной электростанции. Фото: Владимир Самохоцкий, ТАСС

Ноябрь 1986 года. Строительство укрытия над четвертым энергоблоком Чернобыльской АЭС. Фото: Валерий Зуфаров, ТАСС
Афіцыйна ён заняў пасаду 11 чэрвеня, але сапраўднае выпрабаванне для 31-гадовага кіраўніка, у той час самага маладога ў энергасістэме СССР, пачалося праз тыдзень пасля аварыі. У нядзелю, 3 мая, у доме Петуха раздаўся званок.
Патэлефанаваў тагачасны дырэктар Рэчыцкага прадпрыемства электрасетак Сяргей Міхайлавіч Цыцура і даў каманду сабраць брыгаду электраманцёраў з тэхнікай, апорамі, правадамі – быць гатовымі выехаць у Хойнікі.
«Мы паднялі па трывозе ўвесь персанал. У нас у Акцябрскім РЭС было каля 40 чалавек. Я растлумачыў сітуацыю, папрасіў добраахвотнікаў. Амаль усе манцёры падахвоціліся. Добра ведаючы людзей, выбраў самых надзейных. 4 мая рана раніцай яны выехалі і толькі ў дарозе атрымалі заданне. Так, усё было максімальна засакрэчана», – расказвае Аляксандр Пятух.
Спецзаданні для энергетыкаў
Першая група электраманцёраў Акцябрскага РЭС працавала ў Хойніцкім раёне два тыдні. Туды ж прыехалі калегі са Светлагорска і Рэчыцы. Ішла масавая эвакуацыя насельніцтва, паралельна вырашалася пытанне, як ратаваць жывёлу.
«Кароў на аўтобусах не вывезеш – вырашылі пераганяць статкі сваім ходам. У дарозе жывёлам трэба было даіцца, таму ўздоўж магістралей разгарнулася будаўніцтва адгоннай пашы з даільнымі ўстаноўкамі. Мы забяспечвалі іх электрычнасцю: манціравалі падстанцыі, падводзілі сеткі. Аб’ём працы быў велізарны. Дакладных лічбаў не назаву, але такіх пунктаў пабудавалі шмат. Пасля праходу статкаў падстанцыі закопвалі ў зямлю», – успамінае вопытны энергетык.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Затым па ўсёй Гомельскай вобласці разгарнулася масавае будаўніцтва жылля для перасяленцаў. Пасёлкі вырасталі ў чыстым полі – пад іх энергетыкі ставілі абсталяванне, цягнулі правады, якіх катастрафічна не хапала. Прыкметна, што за тры-чатыры гады да аварыі ў Хойніках і Брагіне прайшла рэканструкцыя электрасетак, але дэмантаваць абсталяванне і выкарыстоўваць яго паўторна найстражэйшым чынам забаранілі.
«На жаль, у гарачцы часам прымаліся не зусім правільныя рашэнні. І справа не толькі ў тым кабелі. Спачатку нават не праводзілася радыяцыйная разведка, і некаторыя пасёлкі пабудавалі там, дзе фаніла не менш, чым у 30-кіламетровай зоне. Яе, нагадаю, вызначылі цыркулем – правялі па карце круг ад Чарнобыльскай АЭС, вырашыўшы, што ўнутры круга ўсё «брудна», а звонку «чыста», – тлумачыць субяседнік.
У рэальнасці ўсё аказалася больш складаным – радыеактыўныя ападкі выпалі нераўнамерна.

Аляксандр Пятух
Аб’ект пад асабістую адказнасць
Калі Аляксандр Пятух узначаліў Рэчыцкае прадпрыемства электрасетак, паездкі ў Хойнікі сталі практычна штодзённымі.
«11 чэрвеня мяне прадставілі калектыву, і ў той жа дзень з вышэйшым кіраўніцтвам мы паехалі ў Хойнікі. Тут, на базе ваенкамата, арганізавалі ўрадавы штаб па ліквідацыі чарнобыльскай аварыі. У той жа дзень Рэчыцкае ПЭС вызначылі заказчыкам будаўніцтва пункта санітарнай апрацоўкі (ПуСА) паміж Хойнікамі і Брагінам, а мяне назначылі адказным за гэты аб’ект», – успамінае першы дзень сваёй работы на новай пасадзе Аляксандр Пятух.

Александр Петух. Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Паводле слоў субяседніка, любы транспарт з чарнобыльскай зоны трэба было спыніць і прадэзынфікаваць. Рух быў вялікім – дарогі забівалі аўтобусы і машыны. Усяго такіх ПуСА планавалі пабудаваць шэсць, але фактычна запусцілі дзве будоўлі – адну ва Украіне, другую ў Беларусі.
Будаўніцтва пункта ўжо вялося, а дакументацыі на яго яшчэ не было. Таму літаральна на наступны дзень пасля назначэння Аляксандр Пятух паехаў за ёй ў Чарнобыль.
«Селі з калегам, з намеснікам дырэктара «Белэнергабуда», у «Волгу» і паехалі. Дарога ў Чарнобыль ішла праз Савічы і Камарын, потым – пантонны мост цераз Прыпяць. На беразе ўжо стаялі перасовачныя бетонныя заводы для ўзвядзення саркафага. Праязджаючы міма чацвёртага энергаблока станцыі, мы бачылі славутых тульскіх шахцёраў у белым спецадзенні і верталёты, якія скідвалі мяшкі са свінцом. Мора людзей, тэхнікі – і ўсе ў рэспіратарах. На нас з калегам глядзелі як на дурняў: мы прыехалі ў касцюмах і гальштуках», – расказвае ветэран энергетыкі.

Февраль 1987 года. Бригадир изолировщик-пленочник Е. Демичев (в центре) и члены его бригады на дезактивации помещений третьего энергоблока после аварии на ЧАЭС. Фото: Валерий Зуфаров, ТАСС
У Чарнобылі беларусы зайшлі ў праектны інстытут, без пытанняў забралі стос дакументаў – пад слова гонару. Побач, у суседнім будынку, знаходзіўся штаб Мінэнерга СССР, і камандзіраваныя вырашылі зайсці туды, каб асабіста пазнаёміцца з намеснікам міністра па капбудаўніцтву Юрыем Корсунам.
«Унікальны чалавек, адказна падыходзіў да справы. Слоў на вецер не кідаў, усе пытанні вырашаў аператыўна, – цёпла адзываецца аб ім Аляксандр Аркадзьевіч. – Мне яшчэ не раз даводзілася да яго звяртацца, і ён ніколі не адмаўляў – вельмі дапамог і з тэхнікай, і з матэрыяламі. На жаль, Юрыя Мікалаевіча ўжо няма ў жывых [Юрый Корсун памёр 7 снежня 2020 года, яму быў 81 год. – Times.by]».
У Чарнобылі, як і ў Хойніках, кіраўнікі працавалі па зменах праз кожныя дзесяць дзён. Корсун жа заставаўся там без адпачынкаў да глыбокай восені 1986 года.

Сентябрь 1986 года. Черниговская область. Юрий Корсун (в центре) во время встречи с жителями села Неданчичи, у которого будет построен город энергетиков Славутич взамен покинутой жителями Припяти. Фото: Валерий Зуфаров, ТАСС
«Гэта сумленне і гонар савецкага Мінэнерга. Яркі прыклад таго, што праца энергетыкаў у той цяжкі для краіны час была самаадданай. Без іх жыццё сённяшняй зоны было б немагчыма. Мы ж да апошняга з гонарам выконвалі сваю місію: падачу электрычнасці ў вёскі, што высяляліся, спынялі ў апошнюю чаргу, калі ўсе ўжо пакінулі прызнаную небяспечнай тэрыторыю», – з гонарам гаворыць аб калегах Аляксандр Пятух.
Пра статус ліквідатара і помнік у Хойніках
Колькі месяцаў Аляксандр Пятух правёў у зоне, ён не лічыў. У сярэднім – два гады, не менш. Ніякіх прыкмет радыяцыі не адчуваў: ні галавакружэння, ні металічнага адцення ў роце, пра якія ўспамінаюць многія з тых, хто працаваў у першыя месяцы пасля аварыі.
«Магчыма, я проста быў малады, арганізм спраўляўся», – робіць вывад ветэран праз сорак гадоў.
Статус ліквідатара, як і многія калегі, ён атрымаў праз тры гады пасля катастрофы. Трэба было прадставіць дакументы аб рабоце ў чарнобыльскай зоне.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
«Памятаю, прыехаў высокапастаўлены кіраўнік. Паехалі ў Хойнікі. І ён мне гаворыць: «Адзначце мне камандзіроўку». Я згадзіўся. А ён: «Не, не вы. Адпраўце вадзіцеля ў сельсавет, няхай там паставяць пячаць і запішуць, што я ў зоне быў з 8 раніцы да 15 гадзін». Я яшчэ падумаў: навошта ён гэта зрабіў? Праз некалькі гадоў адказ стаў відавочны. Справа ў тым, што ён ужо тады ведаў крытэрыі: дзень у зоне – і статус на руках. А гэта нядрэнныя льготы, уключаючы выхад на пенсію ў 50 гадоў, санаторыі і гэтак далей. Вядома, такіх было мала. Большасць спецыялістаў працавалі не дзеля льгот», – гаворыць Аляксандр Пятух.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Для Аляксандра Аркадзьевіча гэта гісторыя – не пра кар’еру, не пра грошы, а пра памяць: «Як я сам яе памятаю і як яе потым будуць памятаць іншыя». Памятны знак у Хойніках якраз стаў такой агульнай памяццю, толькі вылітай у бронзе і граніце.
«Гэты помнік у першую чаргу сеткавікам, – тлумачыць Пятух. – У энергетыцы шмат прафесій – цеплавікі, электрыкі, рэлейшчыкі... Але сеткавікі ў той складаны для савецкай краіны час аддалі сілы больш за ўсіх. Я потым і прапанаваў напісаць на памятнай таблічцы менавіта так: «Памятны знак у гонар энергетыкаў Савецкага Саюза, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986–1987 гг.».
Адкрыццё помніка 25 красавіка 2018 года стала для ветэранаў энергасістэмы формай не толькі падзякі, але і прызнання: Беларусь сказала дзякуй тым, хто працаваў у першыя, самыя цяжкія гады.

Фото: ГПО «Белэнерго»







